Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 9

Іван Навуменка

Ноччу распагодзілася. Арыентуючыся па зорках, мы маглі б знайсці патрэбны кірунак на поўнач і поўдзень, каб выйсці на шлях. Але не хацелася. Мабыць, упершыню ў жыцці мы ў збытку пілі перамешаную са страхам слодыч вялікага пачуцця самастойнасці. Вакол шумеў чужы, таямнічы лес, гігікала нейкая птушка, нешта трашчала ў кустах, а мы сядзелі вакол кастра і смажылі сала...

У поўнач Кірыла не вытрымаў і заплакаў. Ён быў удвая дужэйшы за кожнага з нас, але румзаў, не саромеючыся сваіх слёз. Мы з Рэем яго суцяшалі...

Той год нашага сумеснага навучання ў сёмым класе быў апошні. Дзесяцігодкі ў мястэчку яшчэ не было, і наступным летам усе разляцеліся, хто куды...

VIII

Расказанае — кавалачак дзяцінства далёкіх трыццатых гадоў.

Сёння мне столькі, колькі было майму бацьку, калі я захапляўся Жулем Вернам. I ў мяне ёсць дзеці. Старэйшаму сыну дванаццаць, малодшаму сем. Старэйшы ўступіў у тую паласу жыцця, калі патрэбны незвычайныя прыгоды, вандроўкі і, вядома, Жуль Верн. Малодшы глытае казкі. I яны, наіўныя, думаюць, што ім першым адкрываецца вялікая неразгаданасць свету.

Я закончыў той самы геаграфічны факультэт, на якім гадоў на дванаццаць раней вучыўся Антон Антонавіч. Ведаю цяпер дакладна, што занадта вандраваць яму не прыйшлося. Як і ўсе студэнты, з'ездзіў ён на Урал, Каў-каз, і ўсё. Але Жуль Верн таксама многа не ездзіў. I быў вялікі падарожнік...

Кірыла, дужы мой сусед, працуе настаўнікам, як і я. Шляхі нашы разышліся даўно, і, зрэшты, я мала пра яго ведаю.

У нашым мястэчку цяпер дзесяцігодка. Паблізу здабываюць вапну, і ёсць меркаванне, што ў хуткім часе каля серавадароднай крыніцы пабудуюць лячэбніцу. Але не вапнай і не лячэбніцай славута сёння мястэчка. Славу яму зарабляе Андрэй Камінскі. Ён адзін з тых, хто будаваў і запускаў спадарожнікі Зямлі. Пра гэта ўжо напісана ў газетах...

I нешта новае адбываецца ў нас, чаго, мабыць, не было за ўсю гісторыю. Саўгас, торфазавод і мястэчка спрачаюцца за Андрэя. Прадстаўнікі кожнага з паселішчаў даказваюць адзін аднаму, што Андрэй Камінскі нарадзіўся іменна ў іх. Спрэчкі часта ўзнікаюць і ў школе, куды ходзяць дзеці з усіх гэтых месц. Калі дзеці звяртаюцца да мяне як да суддзі, я заўсёды кажу: Андрэй — местачковец. У саўгасе і на торфазаводзе ён жыў часова. У вачах местачкоўцаў ззяе радасць, саўгасаўцы і торфазаводцы маркоцяцца. I ўсім ім разам хочацца сказаць:

— Ідзі, шукай, чалавек!