Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 8

Іван Навуменка

Усё вырашылася пасля памятнага выпадку. Даведзеныя да шаленства маўчаннем Рэя, мы самі перайшлі ў адкрытае наступленне. Здаўшы апошні экзамен за шосты клас — геаграфію,— мы акружылі свайго праціўніка і на яго вачах пачалі лістаць украдзенага Жуля Верна. Рэй трымаўся мужна. Ён па-ранейшаму маўчаў. Толькі ледзь-ледзь задрыжала яго верхняя губа, і ён адвярнуўся, каб не паказаць сваіх слёз.

Гэтага не вытрымала суполка. Мы моўчкі аддалі Рэю Жуля Верна і, прыгнечаныя, пайшлі прэч...

А потым я цэлае лета хадзіў на торфазавод купацца. Там было безліч глыбокіх кар'ераў, запоўненых бурай, нібы ячменная кава, вадой. Пасля такога купання прыходзілася нанава абмывацца ў рачулцы Змейцы. Хадзіў я на торфазавод, вядома, не дзеля купання. Там жыў Рэй. 3 ім нарэшце мы сышліся.

Каб заваяваць давер Рэя, я першыя дні, пакуль яго не сустрэў, насіў пад пахай Жуля Верна. Гэта была ўжо мая кніжка, у ёй расказвалася пра падарожжа вакол зямлі за восемдзесят дзён, і я разлічваў, што Комін яе не чытаў. Спаткаўшы Рэя, я першы, без ніякіх умоў, даў яму кнігу...

I праляцела тое лета залатым карагодам незабыўных уражанняў. Рэй быў цудоўны хлопец, з адкрытай і шчырай душой. Сваімі захапленнямі і радасцямі ён дзяліўся з кожным, хто ішоў да яго без каменя за пазухай. Нацэленыя Жулем Вернам вандраваць па ўсім свеце, адкрываць неадкрытае, мы пакуль што ажыццяўлялі адысею па блізкіх ваколіцах. Прырода не пакрыўдзіла родныя мясціны. Па лесе валяліся вялізныя валуны, аброслыя сівым мохам. Ляднік прынёс іх сюды, зрэзаўшы з гор Скандынавіі. Вёрст за восем ад мястэчка, каля невялікага чыгуначнага раз'езда, здабывалі вапну. А побач, у лагчынцы, атуленай вербалозам і ракітнікам, біла з зямлі крыніца. Вада яе была незвычайная, з рэзкім і непрыемным пахам. Ад яе выгарала трава навокал. Але па ваду прыязджалі з навакольных сёл і бралі яе бочкамі тыя, хто хварэў на раматус і на іншыя не вядомыя нам хваробы.

На балоце ржавая вада сям-там зацягвалася вясёлкавымі кругамі. Аднекуль сюды прасочвалася нафта. Родная зямля таіла ў сваіх нетрах безліч скарбаў...

Але тым памятным летам нас найбольш узрушылі птушкі. Знаёмы даўганогі бусел, сіваграк, ластаўка былі не толькі нашы, але і афрыканскія. Баючыся холаду, яны на зіму ляцелі да берагоў Ніла.

Рэй выказаў здагадку, што ўсе гэтыя птушкі нашы. Бо калі б было інакш, то навошта б яны прыляталі вясной? У Афрыцы ж цэлы год лета, і птушкам няма ніякай разумнай патрэбы марна траціць сілы на пералёт. Проста іх вабіць родная зямля, дзе некалі таксама круглы год было горача, як у Афрыцы.

Думку, якую выказаў чатырнаццацігадовы Рэй, я ні разу не сустрэў пасля ў кнігах. А яна і сёння здаецца мне справядлівай...

Незабыўны ўспамін тых далёкіх дзён — начлег у лесе. Па грыбы ў чужы незнаёмы бор мы адважыліся ісці ўтрох: Рэй, я і Кірыла. Дзень быў пахмурны, дажджлівы, сонца з самай раніцы схавалася за важкімі шэрымі воблакамі. Мы, вядома, маглі вярнуцца. Але заблудзіцца нам з Рэем, мабыць, проста хацелася. Бо навошта ж тады мы ўзялі з сабой запалкі, хлеба і сала на добрыя два дні? Мы прамоклі да ніткі і, вядома, заблудзіліся. I вось ноч у лесе, вялікі касцёр з яловых лапак і голля, завостраныя ражончыкі, на якіх пражым сала... Над намі кашлатая яловая навісь, а ў прагалах між вяршалін — знаёмыя зоркі: чарпак Вялікай Мядзведзіцы, Палярная, сузор'е Арыён, бясконцы Млечны Шлях...