Читать «Жуль Верн» онлайн

Іван Навуменка

Іван Навуменка

Жуль Верн

I

Люблю фантазію і таямнічасць. Гэта з самых малых год. Усякаму падшыванцу, калі яму міне пяць вёснаў, хочацца, каб свет хадзіў дагары нагамі. А незвычайнае пачынае вабіць з калыскі. У праўдзівасці сказанага могуць лёгка пераканацца сённянтнія бацькі. Ляжыць, напрыклад, у люльцы сінявокі чалавек, які пражыў вясну, лета, восень і яшчэ зусім не ведае, што такое зіма. Падыдзі да яго звычайна, павітайся, назаві па імені — ніякага ўра-жання. А надзьмі шчокі, вырачы вочы, прыцмокні яшчэ языком — і маеш захапленне сінявокай істоты...

Цяга да выключнага, дзіўнага, мабыць, у самой прыродзе чалавечай. Той жа чалавек, калі яму стукне тры гады, лічыць за найвялікшае шчасце, калі бацька пераменіць сумнае вертыкальнае становішча і ўпадобіцца ў сродках перамяшчэння сваім далёкім продкам. Сын тады папаўзе за ім хоць на край свету. Ён забудзе пра цукерку, якую да гэтага канючыў цэлую гадзіну, забудзе пават на зялёнага каня, які ржэ, стоячы на сваіх драўляных колах. Хіба ж гэта часта здараецца, каб знаёмы, звычайны бацька разам з ім падаўся на ўсіх чатырох даследаваць самыя таямнічыя закуткі хаты. Можна ўрэшце і абсядлаць бацьку, тады ён адразу стане канём і будзе імчаць з кута ў кут, варта толькі добра паддаць яму шпорамі...

А калі споўніцца сыну сем гадоў, то чым заменіш яму казку? Неабавязкова памятаць, як запісана яна ў Афанасьева ці ў неразлучных братоў Грым. Проста пляці кашэль з ваўкамі, бабай-ягой, праставатым Іванкам, якому шчасце само лезе ў рукі. Галоўнае, каб не хутка быў канец. Акругленыя сынавы вочкі не зміргнуць, і чым спрытней снуе язык незвычайныя прыгоды, тым часцей і глыбей уздыхае вераб'інымі грудзьмі зачараваная істота.

Таямнічае — вабіць. Нястрымна хочацца зазірнуць за паласу невядомасці, дабрацца да самага кораня рэчаў. Мабыць, па гэтай прычыне ў сына доўга не залежваюцца цацкі. Купіш навейшай маркі аўтамабіль, які заводзіцца ключом і можа калясіць па хаце колькі ты захочаш, а праз дзень ён ужо ляжыць разабраны і цікавасці да яго ў сына абсалютна ніякай. Цікавасць ужо задаволена. Сын хацеў паглядзець, што ўсярэдзіне, ён падазраваў прытоенага маленькага чалавечка, які круціць гэтыя вінцікі і калёсікі, а там аказалася звычайная спружына. Гліняны сабачка, які можа свістаць, калі дзьмуць яму ў дзюрачку, што прароблена ззаду, жыве яшчэ менш за аўтамабіль. Сын, насвістаўшыся, пад вечар разбівае яго малатком і ледзь не плача ад крыўды: ён думаў убачыць нешта дзіўнае, а ўнутры ўсяго толькі пустата...

II

У дзяцінстве я быў хваравіты і вельмі баяўся холаду. Гэта давала поўную перавагу нада мной майму суседу, чырванашчокаму мацаку Кірылу, які лятаў зімой у расхрыстаным кажушку, а засопшыся, праганяў смагу кавалкам лёду. Ён грыз лёд, як цукар, а мяне прабіралі дрыжыкі. Мне здавалася, што Кірыла захварэе. Але ніякая хвароба яго не брала. Ён насіўся па замерзлай рачулцы на сваіх дзеравяшках з ранку да вечара і, здаецца, мог бы там і начаваць.

Але варочацца пад вечар дамоў Кірылу прымушалі некаторыя прычыны. Па-першае, трэба было пад'есці. Які б смачны ні быў сіняваты лёд са срабрыстымі вочкамі застыглых у ім бурбалак, але без падмацавання бульбай Кірылаў жывот ныў і бурчаў, а ногі пачыналі пруцянець. Акрамя таго, Кірыла яшчэ пабойваўся маці. Яна асабліва распякала за чаравікі. Пары чаравікаў за зіму Кірылу, вядома, не хапала, і таму на гэтым грунце ў хлопца штовечар былі непаразуменні з маткай.