Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 4

Іван Навуменка

Гэта было цудоўна — вандраваць па свеце. Знікала ўсё дробязнае, будзённае, душа поўнілася радасцю адкрыцця, самаахвярнасцю подзвігу. У часы такіх вандровак забываліся ўсе крыўды і згрызоты, і я адчуваў сябе найвялікшым уладаром, які раздае людзям толькі радасць і шчасце.

Пазней паявіліся жывыя чараўнікі, якія правялі па свеце з компасам і картай і прымусілі пільна прыгледзецца да таго, што ляжыць пад нагамі.

Геаграфію ў пятым і шостым класах выкладаў Антон Антонавіч Струк, нізенькі чорны чалавек з глюгастым, як у турка, носам. Яго незвычайнасць праявілася з першага ўрока.

Географ таропка ўвайшоў у клас, шпурнуў на стол туга напакаваны жоўты партфель і, узяўшы рукі ў бокі, арліным позіркам акінуў прыціхлыя рады пяцікласнікаў.

— Дзяжугны, кагты, — загадаў ён страшэнна картавым голасам.— Геаггафія — навука дакладная...

Дзяжурныя кінуліся за картамі.

I адразу пачалося нешта падобнае на магію. Антон Антонавіч не паварочваўся тварам да карты. Ён стаяў да яе спіной. Але яго ўказка, нібы разумная жывая істота, надзвычай дакладна апускалася на горныя хрыбты, плыла па рэчках ад вытокаў да вусця, адзначаючы ўсе звіліны, парогі і перакаты.

Пазней высветлілася, што Антон Антонавіч усюды быў і ўсё бачыў. Ён ніколі пра гэта не казаў прама. Усё разумелася само сабой.

—  Мы ідзём па Сахары, — гаварыў географ. — Вады трэба ўзяць не менш чым на пяць сутак, каб дайсці да бліжэйшага аазіса. На галаве ў нас пробкавыя шлемы, іначай мы не пройдзем і палавіны шляху — загінем ад сонечнага ўдару. Тэмпература — пяцьдзесят шэсць па Цэльсію. Пад нагамі гарачы, нібы прысак, пясок. Пакладзіце туды яйка, і яно праз паўгадзіны спячэцца, не трэба ні агню, ні кіпеню. На сотні кіламетраў вакол нас мёртвая шэрая пустыня. Пясок, пясок і пясок. Заўважце, у ім вельмі многа серы, але яе тут не здабываюць. Расліннасці амаль няма, толькі зрэдку каля падножжа бархана ўбачыш калючыя кусцікі той жа пароды, што і наш каракумскі саксаул. Прабяжыць яшчарка, можна наткнуцца на маленькую змейку, падобную на мядзянку. Яе ўкус смяртэльны.

Мы шукаем у Сахары нафту, — вёў нас далей Антон Антонавіч. — Нафта тут павінна быць. Пра гэта сведчаць выветраныя рэшткі дэвону, якія трапляюцца на шляху. Некалі тут быў квітнеючы край, былі гарады і людныя паселішчы. А яшчэ раней, мільёны год назад, Сахара была дном акіяна.

Мы ідзём па Сахары за Антонам Антонавічам месяц, два, тры. Скура ў нас стала чорная. Мы загартаваліся і лягчэй пераносім страшэнную спёку. Слабыя і хворыя, вядома, адсталі. Яны вярнуліся назад...

Я бачыў сябе сярод тых, што загартаваліся. Назад я не вярнуўся б нават перад пагрозай смерці. Тыя, што адправіліся ў падарожжа, што адкрываюць невядомае, не павінны думаць пра смерць.