Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 3

Іван Навуменка

IV

Ноч. Зіма. У хаце ўсе спяць. Я адваяваў сабе печ. Цяпер ужо не па той прычыне, што вечна мерзну. Проста на печы больш выгадная пазіцыя для маскіроўкі. Лямпа з прыкручаным кнотам стаіць у самай шыйцы, і таму на хату падае толькі вузкая палоска святла. Мерна цікаюць на сцяне ходзікі, але з печы не ўбачыш, колькі часу. Гэта і добра, што не ўбачыш. Няхай спыніцца час, няхай забудуць пра свае абавязкі пеўні, няхай не цэдзіцца праз замерзлыя шыбіны сіняе зімовае світанне! Я чытаю...

Зашмальцаваны томік Жуля Верна, дадатак да старой «Нівы», мне адпушчан толькі на адну ноч. Заўтра кніжку будзе чытаць другі. Не скончыш за ноч — вінаваты сам. Ахвотнікаў многа, а кніга рэдкая, у бібліятэцы яе не возьмеш.

У коміне вые і стогне вецер, і гэта найлепшы акампанемент для чытання. У кнізе таксама шалее акіян, раз'юшаныя хвалі вось-вось перакінуць звязаны на жывую нітку з паламаных мачтаў плыт, на якім бясстрашныя падарожнікі. Але людзі плывуць. Іх вядзе ў нябачаны свет нейкая нястрымная прага да новага, нязведанага, неапісанага. Вось ужо мрояцца ў сінім тумане няпэўныя абрысы далёкага берага. Што гэта? Востраў, мацярык ці, можа, проста міраж знясіленых ад голаду і смагі людзей?

Страшна перагарнуць наступную старонку. А што, калі зноў расчараванне, калі новыя сотні міль па салёных бязлітасных хвалях, без пітва, без яды?

—  Ты яшчэ не спіш? Зараз жа тушы лямпу! Другія пеўні праспявалі, а ён усё не начытаецца. Высах, счарнеў з-за гэтых кніг...

Гэта маці. Яна кніг не чытае. Яна не ведае радасцей, якія яны прыносяць. Яе галоўны клопат, каб мы, дзеці, былі сытыя, адзетыя, здаровыя...

—  Я зараз, мама. Засталося толькі дзве старонкі. Ты спі, я зараз...

Цікаюць на сцяне ходзікі, вые ў коміне вецер, на разлезлым валёнку разлёгся стары паласаты, як тыгр, кот і ледзь чутна пяе «рулі» сваім заўсёды халодным носам. Час ад часу ён уздрыгвае, дзярэ кіпцямі поўсць валёнка і варушыць вушамі. Кату, мабыць, сняцца мышы. Наогул жа да мышэй ён даўно абыякавы, ён недачувае і недабачвае, і яны, ведаючы гэтыя старэчыя слабасці ката, ніколькі яго не баяцца. На жардзіне развешаны перавяслы цыбулі. У скупым святле, якое падае ад лямпы, яны здаюцца гронкамі нейкіх дзівосных заморскіх раслін.

За адну ноч можна перажыць некалькі жыццяў. I яны западуць у сэрца водгуллем сваіх радасцей і гора, сваіх узлётаў і падзенняў. Сіняваты зімовы ранак просіцца ў акно, і я развітваюся з героямі Жуля Верна. Я люблю іх, неспакойных бяссрэбнікаў, іх дапытлівы розум і добрае сэрца. Яны адкрылі новы востраў, і іх радасці мне хопіць на тое, каб, паспаўшы якую-небудзь гадзіну, ускочыць бадзёрым і вяселым.

V

Дзякуючы Жулю Верну я рана пачаў вандраваць па свеце. Для гэтага не трэба было ні караблёў, ні цягнікоў, ні цягавітых мулаў. Хапала адной фантазіі. Пасля кожнай кнігі Жуля Верна я крочыў па тых самых сцежках, што і яго героі. Гэта было лёгка і ўдавалася ў любы час і ў любым месцы. Звычайная, тысячу разоў бачаная і зведаная вясковая вуліца магла стаць новай і незнаёмай, варта было толькі выключыцца з плыні паўсядзённага жыцця. Родныя бары і бярэзнікі ў залежнасці ад натрэбы маглі ператварыцца ў трапічныя зараснікі ці ў сібірскую тайгу. Невялікая, паўзарослая асакой і аерам рачулка Змейка, якая пятляла па сенажаці за агародамі, рабілася то блакітным Нілам, то імкліваю горнаю ракой.