Читать «Жуль Верн» онлайн - страница 2

Іван Навуменка

Аднойчы маці схавала чаравікі, і тады Кірыла вылецеў на лёд босы. Ён коўзаўся на сваіх чырвоных, як у гусака, лапах, можа, цэлую гадзіну, а ўся вуліца, разявіўшы рот, дзівілася з гэтага яшчэ не бачанага відовішча. Паміж іншым, Кірыла і пасля свайго босага коўзання па лёдзе не захварэў.

На навуку Кірыла налягаў не вельмі і ўрокі вучыў збольшага. 'Гаму ў яго заўсёды было многа вольнага часу, якім ен распараджаўся як хацеў.

Я шчыра зайздросціў Кірылу і асабліва яго здароўю. У вачах жа майго суседа я быў чалавек непаўнацэнны, і ён без лішняй далікатнасці заўсёды мне пра гэта напамінаў. Яго словы і насмешкі, вядома, крыўдзілі, але супраць сілы не пойдзеш.

—  Такіх, як ты, мне трэба пяць на аднаго,— выхваляўся сусед. — Я магу цябе адной рукой вобземлю ляснуць.

Ён не хлусіў, чырванашчокі мацак Кірыла...

Іншы раз, калі мы каталіся ка рэчцы, Кірыла выклікаў мяне на спаборніцтва. Ён даваў мне магчымасць адбегчыся ад яго метраў на пяцьсот, а потым нязменна даганяў. Кірыла імчаўся на сваіх дзеравяшках як віхор і, дагнаўшы мяне, рагатаў на ўсё горла. Я ж стараўся ў такія хвіліны куды-небудзь збочыць, каб ніхто не бачыў майго сораму...

III

Ганарлівая Кірылава пагарда да мяне прымусіла шукаць новых сяброў. I я знайшоў іх — кнігі. Першая, якая трапіла ў рукі, называлася «Казкі і праўда пра неба». Казкі пра неба не здзівілі. Іх у збытку расказваў дзед, сівы, сухенькі, вечна чым-небудзь заняты. Ён любіў разважаць пра бога, які жыве на небе, пра райскія кушчы, куды пасля смерці трапяць людзі святога жыцця, і пра пекла, прыгатаванае для грэшнікаў. Дзедавы казкі амаль нічым не адрозніваліся ад тых, якія я знайшоў у кнізе.

—  Нараджаецца на свет чалавек, — гаварыў дзед, — у небе запальваецца зорачка, памірае — яна падае. Зорачка як свсчка. Колькі на небе зорак, столькі на свеце людзей. Хто пад якой планідай нарадзіўся, той так свой век і пражыве.

—  А ты, дзед, сваю зорачку ведаеш?

—  Ніхто, акрамя бога, гэтага не можа ведаць.

—  То ты, дзед, як будзеш паміраць, скажы мне. Я выскачу на двор і пагляджу, як будзе падаць твая зорка.

—  Смерць жа, унучак, не гаворыць калі прыйдзе.

К таму часу, калі мне ў рукі трапіла кніжка пра неба, дзеда ўжо не было. Памёр ён у лесе, восенню, паехаўшы па дровы. Спуджаны конь вырваўся з аглабель, прыбег у двор без гаспадара. Ноч была цёмная, воблакі зацягнулі ўсё неба, на ім не блішчала ніводная зорка...

Першае пачуццё, якое прыйшло пасля кніжкі пра неба,— жаль да дзеда. Ён памёр, і няма да яго ніякай справы ні небу, ні зоркам. Нікуды не паляціць яго душа. Мёртвыя не лётаюць...

I яшчэ было захапленне, перамешанае са страхам. Якое вялікае неба! Хто і калі пералічыць зоркі, рассыпаныя ў Сусвеце? Хто, які чалавек ступіць першы на бераг далёкай планеты? Неба, бясконцае неба... Як у гэта паверыць і як з гэтым згадзіцца?..