Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 13
Васіль Быкаў
– Ну во, такую вашу маць! – амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. – Што значыць, умелае кіраўніцтва! А то – аслабелі, сілы мала… Прымусіць трэба! Дзесяць мінут перакур! – аб’явіў ён і адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.
За ім нерашуча павылязалі з гразі асуджаныя, пакорліва стоўпіліся побач. Чэкіст засунуў пісталет за борт шыняля і вынуў з кішэні пачак «Беламору». Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвілу.
– Частуйся…
Той гразкімі пальцамі ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважліва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкі. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.
– За ўдарную работу па ліквідацыі ЧП пры выкананьні заданьня аб’яўляю благадарнасьць, – з фальшывай урачыстасьцю аб’явіў Косьцікаў.
Асуджаныя нібы страпянуліся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяці словаў, адчуўшы ў іх пранізьлівы водгук назаўжды адрэзанага ад іх жыцьця. Тут і цяпер яны зразумелі тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нібы дражніў іх гэты незразумелы чэкіст, чым рабіў ім яшчэ больш балюча.
Адзін толькі Шастак, здаецца, гатовы быў усур’ёз прыняць сказанае.
– Дзякуй, таварыш… Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася…
– Залічыцца, залічыцца, – няпэўна паабяцаў памкамэнданта.
– На тым сьвеце, – ухмыльнуўся Сурвіла.
– Чаму на тым? – не пагадзіўся ягоны калега. – I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам… Ня горш, чым ударнікам сацыялістычнага спаборніцтва.
Было не зразумець, казаў ён тое сур’ёзна ці хітравата зьдзекаваўся зь іх, у ранішнім прыцемку быў кепска відаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусім памяркоўным і добразычлівым, і тое міжволі заспакойвала.
– Ну але ж во я – невінаваты, – ступіў наперад Шастак. – Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднік.
Косьцікаў смачна зацягнуўся папяросай і разважна выпусьціў даўгі струмень дыму.
– Ну ведама, невінаваты. Калі б ты быў вінаваты, табе б на сьледзтве кішкі выматалі. Косьці б пераламалі. Жонку б на тваіх вачах таго… Калі б быў вінаваты. А так – спакойна застрэлім на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? – раптам зьвярнуўся ён да Валяр’янава, які стаяў трошкі збоч ад астатніх.
Падобна, ён хацеў зачапіць Валяр’янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкіста. Ён ужо нямала пабачыў іх на сваім вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калі яго расстрэльвалі ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялі, дык не было б тых пакут і прыніжэньняў, якія ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялі. Толькі давялі да дыстрафіі і выпусьцілі паміраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыдні сярод паўсотні былых афіцэраў Добраахвотніцкай арміі ў сырым вінным склепе бязь ежы і вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр’янава болей за голад і смагу, ён доўга ня мог прызвычаіцца хадзіць па-большаму і малому на вачах у натоўпу розных чынам і векам людзей і ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкістаў. Яны – нелюдзі, так і трэба было іх разумець, калі толькі нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр’янава, мілы паручнік Аркадзь Аркадзевіч, так і не зразумеў, мабыць, з кім мае справу – гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар’яцеў. Прыстрэлілі, бы сабаку, і кінулі ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, ніколі ні з кім не спрачаўся, паводзіў сябе ніжэй за траву, цішэй за ваду. Зрэшты, і чаго дачакаўся? Таго ж, што і брат. Толькі гадоў на пятнаццаць пазьней. Ці варта было ашчаджацца?