Читать «Жоўты пясочак» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Жоўты пясочак

Апавяданьне

Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду – Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней – на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня «чорны воран», бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе баку, ды ён не разабраў, што – не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад – гэта той канвой ці як яго – малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах, паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у якую іншую турму? А можа – на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…

Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.

– Гэ, таварыш… А, таварыш, – далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. – Ня ведаеце, куды гэта нас?

– На кудыкіну гару, – не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.

Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, – ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу – ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі – пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ – спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…

Па тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто, засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.

Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад’явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне, і незаконныя мэтады – і біў, і ламаў косьці – «даваў дразда». Але ж хіба ён адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, – стараліся, ня спалі начэй, выбівалі ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца – выкручваліся, ашуквалі сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць – і прызнаньне, і сьведчаньне, – прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў…