Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 11
Васіль Быкаў
– Давай, дуй! Пасьледавацельна…
Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі – яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.
– А там буржуй гэты, – падказаў Шастак.
– Белагвардзеец, – удакладніў Косьцікаў. – Ану вылазь, гражданін Валяр’янаў! Ваша сранае благародзьдзя!
З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр’янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.
– Сігай, ня трусь! – падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.
– Ну – узялі! Раз, два – узялі! – трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.
Яны зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.
– Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..
– Ты глядзі! – цяжка соп ля буды Шастак. – Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..
– Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..
– Замоўкні! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, – гразіўся Косьцікаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.
Аднак асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось – нядобрае і абразьлівае. Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:
– Ды страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?
– Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!
– Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка… – неслася з буды.
Аднак не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.
– Што такое? – зьнерухомеў Косьцікаў.
– Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, – глуха азваўся з кабіны шафёр. Косьцікаў вылаяўся.
Усе стаялі моўчкі, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьці. Сапраўды, гэтак стараліся, столькі патрацілі высілкаў, і ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.
– Так! – пасьля нядоўгай маўклівай паўзы вызначыў Косьцікаў. – Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.
– Хай Чысьцякову скажа, – параіў Сурвіла. – Чысьцякоў у курсе. Пад’едзе.
– I далажы дзяжурнаму, – удакладніў памкамэнданта. – Давай, дуй! Хутка!
Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволі выбраліся з гразі на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалі, што далей закамандуе іхны начальнік. Той аднаруч расшпіліў шынэлак, з другой рукі не выпускаючы пісталета.
– Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.
Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалі ў багну і зноў уперліся рукамі ў запэцканы гразёй зад машыны – Сурвіла і Шастак – па вуглах, Аўтух і Фэлікс побач. Валяр’янаву дасталося самае гіблае месца – пасярэдзіне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбіні лужыны, і, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцікаў, размахваючы пісталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамі багну, піхалі і піхалі.