Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 14
Васіль Быкаў
Тым часам пачало днець. Абапал дарогі выплыў са змроку восеньскі палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль і прыдарожным хмызьняком паблізу. Зьверху то імжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вільготны заходні вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налітымі дажджом каляінамі. Гараджане тут езьдзілі нячаста, а каляіны былі ад машын наркамату ўнутраных справаў, які толькі й карыстаўся той дарогай. Асабліва ноччу. А то, бывала, і ўдзень, пад час маскоўскіх праверак, калі ў горадзе тэрмінова разгружаліся турмы.
Тое, што Валяр’янаў ніяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцікаву.
– Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!
– Я чую, – ціха, аднымі вуснамі адказаў Валяр’янаў.
– Дзяч маёй дабрыні. Хацеў прыстрэліць.
– Дзякуй…
– Во! А то не напомніш – не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць…
– Да сваіх яны дык дужа добра выхаваныя, – падхапіў Шастак. – Усё: благадару, благадару…
– Да сваіх. Але не да пралетарыяту, – заўважыў Сурвіла. – Пралетарыі– іхныя ворагі.
– Мабыць, мала стралялі, – сказаў Шастак.
– Стралялі ня мала. Але ўсіх яшчэ не перастралялі. Усё за віной гналіся. За даказацельствамі і прызнаньнем. Болей паперкі пісалі, – як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвіла.
– А што пісаць? – зьдзівіўся Шастак. – Хіба адразу не відаць: контра. Во гэты: камізэлька, гамашы, кавэркот…
– Можа, яшчэ і гальштук завязваў? – прыгожа заўсьміхаўся Косьцікаў.
– Завязваў, – ціха адказаў Валяр’янаў. – Як кожны інтэлігентны чалавек…
– Вы паглядзіце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хіба павесіцца ў турме.
– Каб ухіліцца ад пакараньня, – сказаў Сурвіла. – Ну, такі нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!
Каб яны задушыліся зь іхнымі парадкамі, – дрыжучы на ветры ад макрэдзі, сярдзіта думаў Аўтух Казёл. З рознымі іх парадкамі ён ужо нямала пазнаўся, і ня толькі ў турме. Асабліва апошнія гады, як сталі яго дапінаць за аднаасобніцтва. I было б за што? Хіба ён супраць савецкай улады ці супраць камуністаў? Але ж ён мусіў карміць сям’ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як тыя разумныя гаспадарылі ў іхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гніла ў зямлі да маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Інвэнтар за два гады разваліўся дашчэнту, не было каму паправіць калёсы. Умелыя паўцякалі ў сьвет, разумных перасаджалі, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама, ягонае аднаасобніцтва сталася ім бяльмом у воку. Вясной абрэзалі зямлю, пакінулі адно балотную няўдобіцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду. Тады абрэзалі пожні, каб не было дзе напасьвіць кароўку. Затым пастанавілі ліквідаваць гумно, бо, ці бачыце, будавалі калгасную абору, спатрэбіліся матэрыялы. Асець, пуню і ток – усё перавезьлі ў калгас, дзе за зіму тыя бёрны расьцягалі на дровы. Ужо ня стала куды выпусьціць і курэй. Зноў прыехала начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлі паміраць буду. Дык трактарам перааралі дарогу – ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў сьцежку, засеялі вікай. Абмінаў тую віку за вярсту па лесе. Тады сказалі, быццам ён празь лес ходзіць у Польшчу. Каб ім да свае магілы гэтак хадзіць, думаў Аўтух.