Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 15

Васіль Быкаў

Ужо ўсё абабралі. Абрэзалі па самыя вокны, а тады пачалі зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабіліся, як дэрбіны – ад бяскорміцы ды непасільнае працы, а ягоны конік быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкі, ён быў мілы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкі. Бывала, Аўтух возіць з поля снапы і да вечара так уходаецца, што ня мае сілы сесьці за стол. I ня дзіва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папіхае; нібы ў парцы, памагае везьці. Праўда, і конік нібы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкіх нагах, вёз усё, колькі ні накладзі ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзілі за адно лета, надарвалі, сапсулі. Дык скралі. Надвячоркам адвёў папасьвіцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногі. I скралі. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у іх адзін такі злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кінуўся Аўтух у міліцыю, у раён, да пракурора. I нічога. Усе ветліва слухалі і нават спачувалі, але шукаць і ня думалі. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралі. Казалі, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якія яшчэ ім доказы, калі ўсім навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней і збывае цыганам на Палесьсі. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такі парадак.

Там патрэбныя былі адмысловыя доказы, а вось тут можна караць і бяз доказаў. Аўтух ніколі й не падумаў хадзіць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны кажуць: хадзіў. Быццам яны яго там злавілі. Ці хоць бы там хто яго бачыў. Але напісалі, хадзіў, і ўсё. Прызнавайся!

I ён, дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца і падпісаў, што падсунулі. Думаў, тым выгадае. А ня выгадаў – прагадаў дашчэнту. Стаўся польскім шпіёнам. Во зрабіў падаруначак сабе і дочкам. I ўсёй радні. На ўсё іх жыцьцё…

– Бальшавіцкі парадак! – згодна пацьвердзіў Шастак. – Мыша не праскочыць.

– А ты памаўчы! – нечакана абрэзаў яго Косьцікаў. – Ты – здраднік.

– Я? – пабялеў ад крыўды Шастак.

– Ты, ты, – роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. – Вось той, – ён кіўнуў у бок Валяр’нава, – той ня здраднік, бо ён вораг адкрыты. Белы афіцэр, і так далей. А ты – і нашым, і вашым.