Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

– Дабі ж… – выціснуў зь сябе ледзь чутна. Косьцікаў ступіў на крок бліжэй і стрэліў у галаву. На траву і пясок пырснула шэрымі крупінкамі мазгоў.

– Вазьміце, і туды, да астатніх, – загадаў ён байцам.

Закінуўшы за сьпіны даўгія вінтоўкі, тыя ўзялі былога чэкіста за рукі, пацягнулі да ямы. Косьцікаў пайшоў у бок да машыны.

Гэтая праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сілы. Прыкметна пачала здраджваць вытрымка, як ён ні стараўся паводзіць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць і вязуць, нібы баранаў, калі таму будзе канец? Вунь колькі накапана ямаў за вясну і лета. I колькі будзе накапана новых.

Косьцікаў акінуў позіркам прагаліну між сасонак на схіле – мабыць, за восень заселяць і яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма…

У гэтым жыцьці ўсё вельмі проста.