Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусім нізка, і, падобна, ніякая сіла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкі час уладны голас памкамэнданта заглух, і яны расслабілі рукі.

– Так ня пойдзе! – з горыччу загаманіў Шастак. – Калі піхаць, дык трэба ўсім піхаць. А то як у брыгадзе – адзін укалвае, а другі адлыньвае.

– Хто гэта адлыньвае? – насьцярожыўся Сурвіла.

– А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькі за борт трымаецца.

Валяр’янаў ніякавата сьцепануў плячыма.

– Я не трымаюся…

– Ну як жа! Хіба ня бачыў! Яшчэ адпіраецца, – не сьціхаў Шастак. – Дзеля прыліку толькі…

– Хто яшчэ бачыў? – насупіўся Косьцікаў. Астатнія, аднак, маўчалі, і памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

– Аднаасобнік, бачыў?

– Не, не. Нічога ня бачыў.

– А ты, паэт?

Фэлікс Гром ніякавата пераступіў у лужыне, каламуцячы і без таго скаламучаную твань.

– Ну, можа, і ня дужа… Усё ж чалавек у гадах, – няпэўна адказаў ён.

– Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзіць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кіну пад колы. Тады вылезем.

Фэлікс Гром сам піхаў, лічы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца – балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пільны Шастак ці нават сам памкамэнданта Косьцікаў. Што яму перашкодзіць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэліць і кіне ў гэтую багну. Ад аднае думкі пра тое Фэлікс здрыгануўся і страхавіта зірнуў на цьмяную постаць у шынялі на ўзбочыне.

Яны зноў піхнулі. На гэты раз па камандзе і з усяе сілы, у Фэлікса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высільваецца і белагвардзеец-буржуй Валяр’янаў, – мабыць, таксама пабойваецца чэкіста. Хоць, калі падумаць, чаго ўжо было ім баяцца, куды імкнуцца? Наперад, да свае сьмерці? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькім выбарам, дзе лепей легчы – у пясчаную сухую зямельку ці ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелі ногі. Так можна і прастыць, з іроніяй вісельніка падумаў паэт Фэлікс Гром. Свой катафалк яны ж самі і штурхалі да месца паховін. Гэта было штосьці новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Ці адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напісаць верш, баляду ці сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохі…

– Раз, два – узялі!.. Ану – рушылі! Яшчэ раз! Яшчэ! – дзікім голасам крычаў побач Косьцікаў. – Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!..

Разы два ён пальнуў угару зь пісталета, прымусіўшы здрыгануцца іх, спатнелых і ўжо дашчэнту зьнясіленых. «Давай! Давай!» I во, дзіва – машына трохі скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалі яшчэ болей, напяліся рукамі і нагамі, і яна трохі пасунулася, папаўзла ў твані. Тыя, што былі пасярэдзіне – Гром і Валяр’янаў, улезьлі ў самую глыб, але не адступіліся, не прыбралі ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулі перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, і яны зьнямогла спыніліся.