Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 10
Васіль Быкаў
Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:
– Ну што? Селі?
– Селі на дзіфер, – сказаў Шастак.
Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.
– Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…
Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.
– Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! – закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.
Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.
Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:
– Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!
– А скульля табе! – пачулася з буды, – гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. – Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.
– Як гэта – не паложана? – апешыў Косьцікаў.
– А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?
Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:
– Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…
– Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?
– Зараз я табе пакажу месца казьні! – ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. – Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! – страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез – усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.
– А што табе начальства скажа? – чулася з машыны. – Вёз – не давёз…
Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.
– Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!