Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

– Дык гэта… Пусьціце і мяне. Пасаблю…

– Давай! – сказаў Косьцікаў і, ступіўшы адною нагой у багну, адчыніў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцікаў зноў прычыніў дзьверы.

– А ці трэба? – ціха сказаў да яго Сурвіла.

– Нічога! – махнуў рукой памочнік камэнданта.

– Не ўцякуць…

Ужо ўтрох яны зноў пачалі піхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугі, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсім целам тузаўся ў будзе паэт Фэлікс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б і яму вылезьці і памагчы, усё ж няёмка сядзець, калі побач надрываюцца людзі. Але яго ня клічуць і, мабыць, не паклічуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух ці рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкіста Сурвілу. Чаго тут гэты Сурвіла, Фэлікс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалі асобна ад іхнай, і, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цікавіў паэта. Зрэшты, як і лёсы астатніх, апроч хіба ягонага земляка Аўтуха. Дзіўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалі з асобаю аднаасобніка, зь якім ён нічым зьвязаны ня быў, апроч хіба таго, што паходзіў з той самай вёскі. Фэлікс Гром быў ужо заўважаны ў літаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапісьменнасьці, наўрад ці чытаў нават газэты. Але во зьвязалі абодвух. Не адразу і, мабыць, толькі тут, у турме, Фэлікс зразумеў, што трапіў у пастку не таму, што пачаў пісаць вершы, а што пачаў іх пісаць па-беларуску. Расейскія вершы не выклікалі да сябе і дзясятай долі тае ўвагі з боку рэдактараў і крытыкаў, якую выклікалі беларускія. I ён думаў цяпер, які д’ябал падбіў яго да паэзіі, тым больш – беларускай. Калі папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую – Пушкіна, Лермантава і асабліва Фета. Але пісаць так, як некалі пісаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялі б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, які зусім не падабаўся Фэліксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня «Маладняк», у які дружна паўступалі іншыя маладыя паэты, і пачаў пісаць, як яны, – знарок прыўзьнята, задзірыста, «бурапенна». Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасьці і густы – усю гэтую любасьць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоіць іншую эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводзкіх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлівацца. Газэта «Савецкая Беларусь» у аглядзе паэзіі памянула ягонае прозьвішча ў ліку маладых пралетарскіх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай «Майскія радзіны»:

Грымяць і стукаюць машыны, турбіны радасна гудуць, — спраўляюць майскія радзіны, гэта ўдарнікі ідуць.

Акрылены афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п’янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы, што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом – прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?