Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 7
Леапольд Стаф
Як бачна з прыведзеных строфаў, перакладчык зацікаўлены перадусім у пераводзе польскага паэтычнага тэксту ў беларускую паэтычна-вобразную канвенцыю, а яна ў нас перадусім фальклорна-напеўная. У гэтай сітуацыі браць курс на максімальнае тэкставае набліжэнне перакладу да арыгінала значыць знізіць чытэльнасць. Не шмат яшчэ ў нас чытачоў, добра знаёмых з усім багаццем польскай канвенцыі аб паэтычных зносінах, якою віртуозна карыстаецца Л. Стаф.
Нават і пейзаж у Стафа не традыцыйна ажыўлены прысутнасцю чалавека, ён напоўнены драмай пазнання, што складае аснову філасофіі агульналюдскай мудрасці быцця. Паэт адказвае ўвесь час на пытанне: як захаваць пагоду духу, любоў да жыцця, калі яно такое скалочанае, шмат у чым неразумнае, абсурднае, а ўсё ж любае і дарагое. На жыццёвым фінішы Л. Стаф — мяркуюць біёграфы — паўтарыў загадкавы крок Талстога: спаліў усе прыватныя паперы і паехаў да вясковага, мала каму вядомага ксяндза, які ў часе Варшаўскага паўстання даў яму прытулак на плябаніі. Называюць гэта ўцёкамі ў смерць, забываючы, што няма такой мажлівасці ў паэта, які творчасцю міжвольна далучаецца да несмяротнасці.
У. Калеснік
СНЕГ
1 Бухматай, некранутай беллю, Нібы дзявочаю пасцеллю, Снег увабраў глухія гоні Па самы бор блакітна-шары. Пад покрывам зімы абшары У ціхім бледным спяць палоне. Блукаю зрокам па бязмежнай Меланхалічнай пустцы снежнай, I ранне дзён маіх паўстала На папялішчах мёртвых, стылых, Калі на лебядзіных крылах Душы лілея красавала. Плыву на хвалях успамінаў У край, які даўно пакінуў, I расплываюся ў прасторы... ...Сню, што душа свой белы вэлюм Перада мною моўчкі сцеле Бясконцым белапенным морам. 1901 2 З імглістых даляў цёмна-сініх, Дзе з полем зліўся небасхіл, Па белай нерушы раўніны Ідзе жабрак з апошніх сіл. У зрэб’і, што ледзь крые цела, Ідзе па цаліку сюды. Пасля яго на снезе белым Цямнеюць брудныя сляды. I мне здаецца: прывід болю Цераз душу маю ідзе, Нібы па чыстым снежным полі... I ў далеч я гляджу ў жудзе. 1901
СОН НА КРЫЛАХ ЗМЯРКАННЯ
Калі думка, як чайка над морам, Крылы стуліўшы, падае ў зморы У ціхмяныя шаты спакою, Я акно засланяю ў пакоі, Апускаюся ў цёмныя воды Адвячорка і ружаў п’ю водар, I ў свой прыцемак клічу ўсё тое, Што мяне чаравала сабою. Абуджаецца свет таямнічы, Усплываюць чароды абліччаў, Дзіўных, прывідных і мімалётных, Быццам дзень, што мінуў незваротна. Ўсё, што гіне ў святле, ажывае: У сутонні тугу разлівае I на вочы зняможанай явы Рукі сноў ускладае ласкава. Крочаць дзіўныя прывіды ночы, Глыбінёй зеўраць іхнія вочы, Ціха, мякка, нячутна ступаюць, Моўчкі палец да губ прыціскаюць. Абуджаецца свет таямнічы, Усплываюць чароды абліччаў, Дзіўных, прывідных і мімалётных, Быццам дзень, што мінуў незваротна. Ажывае ўсё зыбкае, быццам Той пылок матыльковы на крылцах, Усё тое, што сее няпэўнасць, Усё лёгкае, быццам павеўнасць Срэбратканых бязважкіх фіранак Ці містычных эфіравых тканак: Быццам крылцаў пчаліных трымценне Або шкельцаў вады зіхаценне Над ракой ў вочках сеткі рыбацкай, Шкельцаў, што прападаюць знянацку; Усё гэта няіснае вельмі, Быццам снегу павеўнага вэлюм, Які перш чым да сонца прывыкне, У віры мглістай замеці нікне. Абуджаецца свет таямнічы, Усплываюць чароды абліччаў, Дзіўных, прывідных і мімалётных, Быццам дзень, што мінуў незваротна. З-за дзвярэй чутны голас напеўны Ціхай лютні. Ля ног каралеўны, У тузе, грае паж закаханы. I гравюры абрыс філігранны Ў думках майстра ўстае без прынукі Пад разцом залатым мерных гукаў, Што сплятаюцца з тахтамі кроснаў, Дзе прадзецца спеў лютні дзівосны. Абуджаецца свет таямнічы, Усплываюць чароды абліччаў, Дзіўных, прывідных і мімалётных, Быццам дзень, што мінуў незваротна. Скарб каштоўнейшы, цуд вельмі рэдкі, Чарадзейную папараць-кветку Адшукала русаўка ў гушчэчы Сонных дрэў і ляціць па сінечы У сяйве павуты серабрыстай На заручыны з месяцам чыстым. Да грудзей белых зыркую кветку Туліць, быццам тугі маёй сведку. 1901