Читать «Высокія дрэвы» онлайн
Леапольд Стаф
ВЫСОКІЯ ДРЭВЫ
Леапольд Стаф
Стаф Л.
Высокія дрэвы: Вершы/Пер. з польск. А. Мінкіна; Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1994.— 127 с.— (Паэзія народаў свету).
Рэдактар В. С. Сёмуха.
Мастак А. I. Карповіч.
Мастацкі рэдактар А. I. Цароў.
Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо.
Карэктар Л. А. Дзядзюля.
Перакладзена з выданняў: Staff L. Wiersze zebrane. Т. 1—5. Warszawa: PIW, 1955.
Пераклад з польскай Алега Мінкіна.
Прадмова Уладзіміра Калесніка.
Рэдкалегія: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Васіль Сёмуха, Янка Сіпакоў, Максім Танк.
ЗЯМНОЕ I ЗАНЯБЕСНАЕ
Творчасць Леапольда Стафа пачыналася ў трывожным чаканні рэвалюцыі 1905 года ў Расіі. Да гэтай дзяржавы належала большая частка польскіх земляў, таму, хоць сам паэт нарадзіўся і вучыўся ў Львове, на тэрыторыі Галіцыі, што ўваходзіла ў Аўстра-Венгрыю, аднак успрымаў з сябрамі-студэнтамі рэвалюцыю на Усходзе як гістарычны шанц адраджэння падзеленай і паняволенай суседнімі імперыямі Польшчы. Літаратурная моладзь Кракаўскай ды Познанскай зямель гуртавалася тады ў патрыятычным руху Młodej Polski, які меў сваё нацыянальнае ўспрыманне ідэй рэвалюцыйнай дэмакратыі і сацыялізму. Не беручы глыбока да сэрца запаведзяў сацыяльнай роўнасці, справядлівасці, удзельнікі гэтага руху ап’яняліся ніцшэанскім поклічам да неўтаймаванага бунту супраць мяшчанства, культу пакорлівай і прытворнай маралі. Іх ідэалам быў моцны чалавек, гатовы пераступіць цераз мяжу дабра і зла дзеля поўнай свабоды асобы і радзімы. Паражэнне рэвалюцыі адгукнулася крызісам бунтарства ў асяроддзі патрыятычнай моладзі, бунт уступаў месца пагадненню з рэчаіснасцю або ўпадніцтву, дэкадэнцкім настроям фаталізму.
Асабістая і грамадзянская біяграфія Стафа не была жыццём без здарэнняў, як гэта ён гаварыў у адным з вершаў. Пасля сканчэння універсітэта юнак едзе ў Кракаў, знаёміцца са здабыткамі тагачаснай польскай паэзіі і мастацтва, друкуе першы верш у часопісе «Маладосць». Потым прыходзіць першы зборнік «Сны аб магутнасці», паездка на два гады ў Парыж, дзе ён ужываўся ў творчае асяроддзе духоўнай сталіцы Еўропы, асэнсоўваў пошукі і плён парыжскай творчай эліты, ужываўся ў паэзію Верлена, Бадлера, часта ездзіў у Італію грэць душу ля шэдэўраў антычнасці, вучыўся даражыць духам продкаў і адраджаць забытае. Л. Стаф увайшоў у паэзію як той, хто ўмеў бачыць падабенства эстэтычных асноў класікі і мадэрну.
З 1912 года стала жыў у маёнтку Брухавіцы пад Львовам, дзе мог не толькі любавацца вясковай ідыліяй, але бачыў брыдоту нэндзы і галечы. Сярод утульнасці і дастатку самога яго хапіў трагічны кон: памёр раптоўна любімы брат, здольны паэт, які не паспеў здзейсніцца, застаўся толькі статыстам на паэтычнай сцэне маладой паэзіі.
У часы першай сусветнай вайны Брухавіцы апынуліся ў зоне баявых дзеянняў, згарэлі, з дымам пайшлі паэтава бібліятэка і многа рукапісаў. Сам ён быў захоплены рускімі войскамі і ў ролі цывільнага палоннага апынуўся ў Харкаве. Вярнуўшыся ў Польшчу пасля вайны, пасяліўся ў Варшаве, пры гітлераўскай акупацыі працаваў у падпольнай сістэме асветы, у полымі паўстання страціў жыллё і ўвесь набытак з бібліятэкай уключна. Пасля вайны жыў тры гады ў Кракаве, потым вярнуўся ў Варшаву. Памёр 31 мая 1957 года. Слава яго, як сказаў паэт Мячыслаў Яструн, была насуперак уласнай прыроды — ціхай. Постаць Л. Стафа не засціла свету маладым, уплыў масцітага паэта на калегаў па пяры польскія крытыкі называюць празрыста-эфірным. Нават тыя з паэтаў, што адштурхоўваліся ад яго, спрачаліся, адчувалі на сабе зычлівы, паблажліва-сяброўскі позірк. Леапольд Стаф застаўся ў польскай паэзіі ўвасабленнем алімпійскай зраўнаважанасці, шукальнікам і выразнікам ідэі элінскай гармоніі, хоць часта быў у разладзе са светам і з сабою. Ён умеў і пад грукат грому, пошум навальніц захаваць спакой і раўнавагу духу: «Трымаюся левай рукой за зямлю, / Трымаюся праваю рукой за неба».