Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 5
Леапольд Стаф
У сталым узросце шчасце ўспрымаецца як прывілея маладосці і ўвогуле штосьці мімалётнае:
Сон, мроя, фантазія — гэта асноўны прыём паэтызацыі рэчаіснасці, яе эстэтычнага і этычнага асваення, уладкавання, гарманізацыі. Паэт не адвольна надзяляе быццё таямнічасцю, цудоўнасцю, містычнаю сілай, а вядзе да прынцыповай персаніфікацыі, з якой мы звычайна сустракаемся ў фальклоры, дзе адчуваць і думаць умеюць пясчынкі, а героі пераходзяць з явы ў казку, са смерці ў бяссмерце — у трэцяе райскае бытаванне без візаў і таможнага дагляду.
Прачытваючы сёння паэзію Л. Стафа, як ніколі раней адчуваеш дзіўную слодыч гармоніі, якою праменіць душа паэта. Гэта не алімпійскі спакой, а інтуітыўная надзея на лепшае, хоць жыццё здаецца кодлам мярзоты, цынізму і зла. Калі спрабуеш вытлумачыць гэтую блаславёную мудрую сцішанасць духу, дык заўважаецца натуральная дыстанцыя паэзіі ад палітыкі. Пачынаеш задумвацца, а ці сапраўды не найлепшы рэцэпт на сённяшнія дыскамфорты — узнясенне асобы чалавека над ідэалагічнымі шумамі. Але тут жа напрошваюцца контраргументы: Леапольд Стаф быў польскім патрыётам, тварыў у часы адчайнай барацьбы свайго народа за свабоду і незалежнасць і гэтыя грамадзянскія праблемы не абмінаў у творах, толькі падаваў іх пераасэнсаванымі ў кантэксце высокай духоўнасці, гуманізму, спажыткоўваў здабыткі неарамантызму і мадэрнізму, тых плыняў, на якіх ішла польская паэзія XX стагоддзя. Ён быў бліжэй да Скамандра, чым да Авангарда.
Скамандар, як сведчыць сама назва — рэчка, апетая паэтамі Элады — стаяў на антычных, парнаскіх прынцыпах эстэтыкі і ўзносіў паэзію над штодзённасцю, асновай красы лічыў гармонію. У гэтым сэнс супрацьстаяння скамандрытаў леварэвалюцыйным мадэрнісцкім плыням, якія называлі сябе авангардам, дзёрзка ўводзілі ў паэзію з’явы, пазначаныя эстэтычным адмоўем. Рабочы і селянін былі суб’ектамі традыцыйна антыэстэтычнымі, зніжанымі, а мадэрністы наперакор традыцыі эстэтызавалі іх. Сялянскі побыт і крывавы бунт у «Слове пра Якуба Шэлю» Бруна Ясенскага, перакладзенага У. Жылкам на беларускую мову, пераканальнае таму сведчанне. Знамянальна, што эстэтызм і сімпатыі да Скамандра не стрымалі Л. Стафа перад увядзеннем у паэзію малюнкаў «жыцця без здарэнняў», нават жыцця, скарэжанага працай, сацыяльным беспрасвеццем, звырадненнем. Паказальным у гэтым плане з’яўляюцца вершы «Гной», дзе паэт вядзе палеміку з мяшчанска-пагардлівым ці канфузлівым стаўленнем да галечы, жабрацтва і сялянскай працы як рэчаў паніжаючых, агідных. Гной у Стафа мае пах цяжкі, але ж з’яўляецца канцэнтратам энергіі біялагічнага жыцця. Нешта падобнае можна сустрэць у Ясеніна: «А этот хлеб, што жрете вы, ведь мы его тово... с навозом». Хворая душою і дужая целам «Крыста з-пад плота» нагадвае чымсьці нязграбную, непрыгожую Марту, дачку ўваскрэшанага Лазара, у аднайменным вершы У. Жылкі, вабіць могуць і чыста «зямныя сілы»: