Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 25

Леапольд Стаф

ВІД З УЗГОРКА

Тчэ восень згадкі. У блакіце Плывуць срабрыстыя аблокі, Нібыта думкі аб нябыце. Мо прошласць — гэта сон, і толькі? Гляджу на поле залатое, Што нікне ў жальбе безгалосай, I ўсё навокала такое, Нібы глядзіш на свет праз слёзы. 1932

НАПРАДВЕСНІ

Вясна, што будзіць гойнымі вятрамі У дрэвах кроў і ў свет нясе лятунак, Бы ў далакопа, чорнымі рукамі Раскопвае паўсюль барознаў труны. З праталін у садах, палях, гародах Б’е ў голаў хмельны дух зляжалай гнілі З міязмамі ад тхліны, са смуродам Гніення, з мляўкім водарам магільным. Ды пахам потнага, жывога цела Шыбае ўжо з-пад спрахлага абруса... Такі вось пах святы, напэўна, мела Магіла уваскрэслага Ісуса. 1932

КУТОК

Вады зялёнай шкло, Травы зялёны цуд, Блакітнае святло. Спрат ціхі ад пакут, Дзе нікне згадак зло I моўкне ветру гуд. Свет гасне за імглой... Існуе толькі тут Вады зялёнай шкло, Травы зялёны цуд. 1932

POGGIBONSI

Навошта ў спёку крочыць без аглядкі Па сцежцы, што сама цяпер ляніва Ляжыць у непрытомнасці шчаслівай, Заблытаўшы канцы ўсе і пачаткі? Куды ісці, калі пшаніца справа Зялёна-срэбным коласам нас цешыць, А злева вінаграднік, буйны, свежы, Нам сэрца поіць, быццам муст ласкавы? На сонцы сядзем, як перад парогам Бацькоўскім, тут, дзе цягнуцца да неба Віно і збожжа, кроў і цела глебы, Дзве таямніцы, што нас лучаць з Богам. 1932

ВЕЧАРОВАЕ СВЯТЛО

Ралля згасальным медзяным праменням Сваіх барознаў раскрывае жылы I смокча хмараў вогненныя вымі, Напоўненыя жыццядайнай сілай. Пад вечаровы звон касцёла кленчыць Апошні бляск натхнення залатога Між скібаў, як нябачная прысутнасць Архангела, што праслаўляе Бога. 1932

BONACCIA

Уладзіславу Каціцкаму

Вялізнае, няветлівае мора, Разлітае без краю і мяжы, Няўзрушна спіць ў спякотлівай прасторы, У нечуллівай глухаце ляжыць. Над стомай шыбы сіне-залацістай Сіксцінскай хмары пляма, быццам пух, Пульхнатая, плыве ў блакіце чыстым, Бы ўзняўся над вадою Божы Дух. А я, сагрэты ззяннем той гадзіны Цераз заслону змружаных павек, Ляжу, нібыта залаты груд гліны, З якога будзе злеплен чалавек. 1932