Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 24

Леапольд Стаф

ВЫСОКІЯ ДРЭВЫ

О, высокія дрэвы, краса над красою, Вашы постаці ў бронзе згасальных праменняў Над шматфарбнай, як пер’е паўліна, вадою Адбіваюцца ў роўнядзі голля скляпеннем. Пах вады, пазалочанай захадам, плыўна У нязрушным паветры зыбаецца, мгліцца, Калі конікі з луга спякотаю жніўнай Цішыню стрыгуць тысяччу срэбных нажніцаў. Моўкне ўсё пакрысе і ў глухмень западае, Змярк ахутвае стрункія кроны імглою, I прывідамі з іх вольны дух вырастае... О, высокія дрэвы, краса над красою! 1932

ПА АБЕДЗЕ Ў БЕДНУЮ НЯДЗЕЛЮ

Чым заняцца? Канчаецца тыдзень рабочы Хоць і весняй нядзеляй, ды мглістай і сіняй, Голым паркам бязлістым не цешацца вочы, Дый астатняе цемніцца шарай гадзінай. Аміякам прапах гарадок і бензінам, Вокны крамаў замкнёных глядзяць па-сірочы, З кіназалы, дзе тлум, калатня, тузаніна, Тхне такою задухай, што хочацца збочыць. Зноў на мітынг цягнуцца няма штось імпэту — Лепш вярнуся дамоў, запалю цыгарэту, Сяду ў крэсла пад лямпай і буду да золку Разбіраць свой старэнькі гадзіннік без лупы, Дбайна чысціць дэталькі і складваць да купы, На паперыну чыстую, шрубкі і колкі. 1932