Ідзе гасцінцам люд гурбою,Надзённы хлеб нясе з сабою.Па мерзлаце, што ногі студзіць,Убогія плятуцца людзі.Рыдлёўкі на плячах трымаюць,Вятры рыззё іх прадзімаюць.— Што, людцы, гоніць вас па свеце?Куды й навошта ўдаль ідзеце?— Ідзём у поце мы і ў зморы,Каб богаву раллю агораць.Ідзём капаць папар мы боскі,Каб пахаваць там лёс наш жорсткі.Нясём з сабой хвароб бярэмы,I самі лекары сабе мы.Мы й лекары і далакопы —На нас паўсюль вялікі попыт.Жарствой мы лечымся спрадвеку,Рыдлёўкі нам заместа лекаў.— Якая ж вас гняце знямога?— Бракуе нам, бракуе Бога.1927
ХВОРЫЯ Ў ПРЫЁМНАЙ
Як прахожыя на тлумных вулках, каторыя Моду, вопратку й звычкі агульныя маюць,Як зняможаныя пасажыры ў трамваі,—У прыёмнай да лекара сядзяць моўчкі хворыя.У нямыя муры, бы ў іконы, ўглядаюцца,За спакоем іх — думкі трывожна-няпэўныя,Незнаёмыя ўчора, сягоння — бы крэўныя,Абыякім зрабіць выраз твару стараюцца.Урачыста сядзяць уздоўж сцен, бы ў чаканніКалі вырак смяротны ім вынесуць суддзі,I калі б’е жалобна гадзіннік — у спудзеАглядаюць, хто першы нябожчыкам стане.Тут сышліся ў адно ўсе хваробы славутыя:У адных твар бы з воску, ў другіх — быццам з вапны,Хлараформ і эфір удыхаюць і сквапна Пазіраюць на мэблю — яна не пакутуе.У запылены бюст Эскулапа з надзеяюУглядаюцца, і ў ліхаманцы ім мрояццаЦуды-лекі, якімі ўсе немачы гояцца:Кроплі рэдкія ці парашкі цудадзейныя.Паказаннямі градусніка ўстрывожаным —Сёння ім, хто не меў веры ў Бога ні каліўца,Цудадзеем магутнейшым лекар ўяўляецца,Які хутка ад смерці ўцячы дапаможа ім.Прысягнуць яму кожны хоць зараз гатовы...Не шкада ні маёнтка, ні скарбаў ніякіх,Абы стаць выключэннем сярод небаракаў...У прыёмны пакой уваходзіць чарговы.Паглядзелі з цікавасцю ўсе на наведніка,I калі ён на лаву сеў, зноўку са смуткам Уталопілі позіркі ў дзверы бялюткія,На якіх, як надзея, зіхціць клямка медная.I яшчэ адзін хворы, як цень непрытомны,Уваходзіць з надзеяй у гэты закутак —I расце, разбухае ў бязмоўі пакута!Напірае на змрочныя сцены прыёмнай.Цісне боль і ўпіраецца ў панцыр пакоя,Быццам цмок, які трупы жарэ і паволіРаздзімаецца, пухне і хоча на волюЗ клеткі вырвацца, свет захлынуўшы сабою.I здаецца, што лопне пакой... I раптоўнаЛопнуў ён! З гучным галасам, звонам і трэскам!Быццам выбухнуў порах — і сцены, як трэскі,Разляцеліся ўшчэнт ад пакут неўтаймоўных.I ўжо прэ адусюль натоўп хворых, і маса Іх расце і ўшчыльняецца з кожнай хвілінай,Бы не вуліца ўжо і не горад — краіны I свет цэлы ў прыёмную збегліся разам.Хто даўней папрыходзіў, сарваўся ў трывозеЗ немым крыкам, такой не стрываўшы навалы,На калені упаў — і ўсе шумным кагалам Папаўзлі з енкам, стогнам па цвёрдай падлозе.Рукі цягнуць да мэты сваёй у адчаі I ў адзіныя дзверы, яшчэ ацалелыя,Пруць у роспачным жаху гурмой звар’яцелаю, «Адчыні нам, збавіцель!» — крычаць не змаўкаючы.Цэлы свет у смяротнай пакуце галосіць:Ён, Вялікі Бязбожнік, планету ўсю цалкамЗрабіў сёння прыёмнай, дзе хворыя палкаАб збавенні, звярамі скуголячы, просяць.Задрыжалі ад вэрхалу дзікага вежы,Скалануліся гмахі жалезабетонныя,З грукатаннем абрынулі ў прорву бяздонную,У цямноту, да згубы сваёй непазбежнай.I калі ўпалі з трэскам апошнія пліты,Па-над друзам руінаў застаўся адзінаВелізарных памераў пясочны гадзіннік,Які шэрым пяском засыпаў перабітых.1927