Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 6

Алесь Петрашкевіч

Бэндэ. А Леапольд пра што?! У апошнім выступленні ён так і сказаў: «Мы будзем кіраваць, мы адказваем перад партыяй за савецкую літаратуру, мы будзем арганізоўваць, мы будзем весці!» (Дастае паперку з партфеля, перадае Гею.) Я з гэтымі словамі кладуся і прачынаюся!.. Ад імя таварыша Леапольда і ад сябе асабіста скажу: мы будзем «адзям’яньваць» літаратуру па ўсяму фронту.

Гей. Вы тоже умница, товарищ Бэндэ, но республиканского масштаба.

Бэндэ. Спасіба, Канстанцін Веньямінавіч! Як кажуць, і на тым спасіба…

Гей. Я к тому, Лукаш Афанасьевич, что мы с вами сработаемся.

Бэндэ. Мушу сказаць, што я і да вас у гэтым кабінеце карыстаўся павагай. Толькі што зробіш, падвялі яны мяне. А я ж ад душы стараўся, як з вамі зараз. (Пасля паўзы.) Я неяк сярод нашых завёў гаворку адносна «адзям’яньвання» паэзіі, а яны зубы скаляць і пытаюцца: а чаму, маўляў, «адзям’яньваць», калі ўжо пад Беднага, то лепш было б «абядняць». Думае контра, што я намёка не ўцяміў!.. (Дастае з партфеля чарговую паперку.) А вы гляньце, як той жа Дзям’ян Бедны нашага класіка гваздануў паміж вушэй.

Гей (чытае).

Изменил поэт народу, Заплясал панам в угоду, Да, в угоду… Янки посвист соловьиный Превратился в шип змеиный, Да, в змеиный…

А кто этот Янка?..

Бэндэ. Купала, а хто ж яшчэ?..

Гей. Да?.. А как у вас, вообще, обстановка на литературном фронте? Моральная, нравственная, политическая…

Бэндэ. Бардзель! Сапраўдны бардзель… да вас быў… Ну, а вы ж толькі прыехалі.

Гей. Не преувеличиваете?

Бэндэ. Хто, я?! (Трасе партфель.) Ды ў мяне тут кожны на кручку! Я вам як на духу магу: хто, дзе, калі, што і каму! I калі, напрыклад, узяць…

Гей (перапыняе). Пока не будем никого и ничего брать.

Бэндэ. I дарэмна!

Гей. А вы не могли б и нам…

Бэндэ. Я вам скрозь сон магу! А калі разбудзіць… У мяне ў гэтым партфелі… Я ж спецыяльную лекцыю чытаю: абстаноўка на літаратурным фронце… Калі б мая ўлада… я б іх…

Гей. Не будем волноваться, Лукаш Афанасьевич, и вернемся к нашим баранам…

Бэндэ. К якім баранам?..

Гей. Когда говорят «вернемся к нашим баранам», это значит — вернемся к вашим писателям.

Бэндэ (весела рагоча). Гэта точна! Што ўжо бараны дык бараны — самі пішчом пад нож лезуць…

Гей (падхоплівае). Вместо того, чтобы подивиться на новые ворота.

Бэндэ (рагоча). Точна! (Знянацку.) А вам, Канстанцін Веньямінавіч, трэба пісаць! У вас божы дар! I мысленне афарыстычнае. А слова — алмаз! Вы ж любога можаце так прыхапіць, так прыгваздачыць!..

Гей. Если с вашей помощью, то пожалуй…

Бэндэ. Канстанцін Веньямінавіч, няма гаворкі. Колькі я ўжо іншым напісаў…

Гей. Тогда вернемся…

Бэндэ. К баранам?..

Гей. К баранам.

Бэндэ. Бараны яны і ёсць бараны… і таму трымаюцца ў асноўным трыма гуртамі: мой БелАПП, іхняе «Полымя» і яшчэ адна шарага — «Узвышша».

Гей. И какая же разница между этими «гуртамі»?

Бэндэ. Ёсць, і вялікая. Таму мы і зрываем з іх маскі…