Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 7

Алесь Петрашкевіч

Гей. Но когда-то вы были в одном стаде?..

Бэндэ. А вось тут — «чур»! То было ў «Маладняку» з 23-га да 28-га гадоў, пакуль абвастрэнне клясавай барацьбы не пераўтварыла нашу суполку ў гадзюшнік, дзе варажнеча дасягнула такога напалу, што мы, пралетары, вымушаны былі пайсці на пераварот у «Маладняку». Тут нам, а дакладней, самой пралетарскай лініі і здрадзілі рэнегаты Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар і павялі за сабой многіх іншых. (Дастае з парфеля паперку.) Яны ўсе тут па альфабэту…

Гей (забірае спіс). Спасибо…

Бэндэ. Пасля развалу «Маладняка» рабіць не было чаго і мы стварылі новую беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, БелАПП. I з усёй бальшавіцкай праматой засведчылі, што ва «Узвышшы» фарміруецца плеяда буржуазна-рэакцыйных і нацыянал-дэмакратычных пісьменнікаў, пазіцыя якіх варожая, антыпралетарская, а з боку некаторых — кулацкая, антысавецкая і шпіёнская.

Гей. И это можно доказать?

Бэндэ (дастае з партфеля некалькі аркушаў). Як два пальцы абмачыць, ізвініця, канешне…

Гей (рагоча). А вы не без юмора.

Бэндэ. Чым ужо Бог не абдзяліў, дык не абдзяліў. Час такі, што без гумару… Давайце разважаць так: мы, гэта значыць маскоўскі РАПП і наш БелАПП — як вучыць таварыш Леапольд, — асноўныя і адзіныя на дадзеным этапе пралетарскія пісьменніцкія арганізацыі, на якія абапіраецца партыя…

Гей. Допустим…

Бэндэ. А раз так, мы дзелім усіх пісьменнікаў на некалькі канкрэтных катэгорый і вы можаце браць хоць усе адразу, хоць кожную паасобку.

Гей. Тогда берем баранов за рога…

Бэндэ. Да буржуазнай належаць (загінае пальцы) Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Міхась Зарэцкі; да папутнікаў — Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Уладзімір Хадыка, Тодар Кляшторны — пальцаў не хапае; да сялянскай — Васіль Каваль, Мікола Нікановіч, Пятро Глебка; нарэшце да пралетарскай — Міхась Лынькоў, Платон Галавач, Рыгор Мурашка, Пятрусь Броўка. (Дастае з партфеля спісы і перадае Гею.)

Гей (разачаравана). И всё?..

Бэндэ. Перапісаны толькі запявалы. Астатнія — прыліпалы, а іх — легіён.

Гей. И в соответствии с этой классификацией вы считаете… надо брать?..

Бэндэ. Безумоўна!.. I не мае значэння, хто, што і як піша. Для нас найважнейшы клясавы прынцып — «свой» ён ці «чужы».

Гей. А знаете, Лукаш Афанасьевич, в вашей философии что-то есть. Ей-право, что-то есть!

Бэндэ. Скажу шчыра, Канстанцін Веньямінавіч, і тыя першыя, што тут да вас былі, Лукаша за дурня не трымалі. А дзе яны цяпер?.. Хоць за вас я, як за сябе, ручаюся.

Гей. Не надо ручаться. Все под Раппопортом ходим…

Бэндэ. Ну, не вам яго баяцца.

Гей. Не скажите. Это он вас, писателей, балует.

Бэндэ. I дарэмна. Многіх даўно ўжо трэба было браць.

Гей. Не торопите событий, Лукаш Афанасьевич, и сами не торопитесь.

Бэндэ. Дык прададуць жа сацыялізм за панюшку тытуню.

Гей. А куда же вы до сих пор смотрели, позвольте вас спросить?!

Бэндэ. Ізвініця, як кажуць, пасуньцеся — у мяне ў гэтым партфелі копіі ўсіх маіх рэляцый ва ўсе інстанцыі і, між іншым, усім вашым папярэднікам…

Гей. Молодец! Вот за это молодец!..