Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 8

Алесь Петрашкевіч

Бэндэ. Гы-гы… А што ж вы думалі?! Мы з «Маладняка» яшчэ ў 1927 годзе сігналілі аб нацыяналістычнай небяспецы ў нетрах літаратуры. I што ў адказ — беларусізацыя і адраджэнне?!

Гей. А вы не перехватываете часом?

Бэндэ. Хто, я? Дурню бачна, што ў «Полымі» і «Узвышшы» — гэтым закіслым балоце пад шыльдай пралетарскай літаратуры — квітнеюць зусім не пралетарскія тэндэнцыі. У Купалы, Коласа, Журбы, Пушчы, Гарэцкага, Труса і да іх падобных адзін індывідуалізм і псіхалагізм, надтрэснутыя ноты нездаровага песімізму, бадай ніводнага слова пра рэвалюцыю і грамадзянскую вайну, пра клясавыя баі. А Кляшторны?! Імажыніст з архіўнай мараллю, біблейскай цвіллю і містыкай з замагільнымі вобразамі. Чытаеш — зусім чужыя нам як па форме, так і па зместу. Ні ў «Полымі», ні ва «Узвышшы» ўдарнік так і не стаў галоўнай фігурай літаратуры! Жах!..

Гей (хітра). Дорогой Лукаш Афанасьевич, не скрою, вы мне буквально открыли глаза.

Бэндэ. Думаеце я іншым не адкрываў… Але ж усе памяшаліся на гэтай беларусізацыі. Даеш адраджэнне! А каму яно трэба?.. Адзін «ліст трох» чаго варты!

Гей. Простите, какой лист?

Бэндэ. Тры дурні — Александровіч, Дудар і Зарэцкі — напісалі адкрыты ліст аб выхадзе з універсітэта, бо там, маўляў, са студэнтаў-паэтаў насміхаюцца, бо там, маўляў, няма нічога беларускага, наогул, там усе супраць беларусізацыі. У мяне такое ўражанне, што ў гэтым універсітэце сабраліся адны плакальшчыкі патрыярхальнай Беларусі ды апалагеты ідыятызму вясковага жыцця, як казаў таварыш Ленін. I кіраўніцтва гнілое — былыя эсэры ды сацыял-дэмакраты. Уявіце сабе, добраахвотна вывучаюць беларускую мову, каб на ёй выкладаць навукі!..

Гей. Где?

Бэндэ. I ў БДУ, і ў Акадэміі навук. А дзе ж яшчэ?.. Кадры клясава засмечаныя. Толькі і гарланяць на кожным зборышчы: ад веку мы спалі і нас разбуралі. Горад з канца ў канец прабяжы, нідзе Інтэрнацыянала не пачуеш. Што ім сусветная рэвалюцыя, што ім дружба народаў? А тон задае хто? А наперадзе хто? Беспартыйныя класікі і да іх падобныя! З’ядналіся паганцы на крытыцы маладнякізму, а цяпер яшчэ і белаппізму. Жыць не даюць, сволачы!

Гей (з іроніяй). Действительно, вам не позавидуешь…

Бэндэ (прымае за чыстую манету). Што вы! Знаходзімся, можна сказаць, у поўнай асадзе. Наша партыйная, агітацыйна-бурапенная лірыка і паэзія ім як костка ў горле.

Гей. А чего они от вас хотят?

Бэндэ. Смех сказаць! Эпічнасці, глыбіні, канцэнтраванай вобразнасці, цэласнасці, канцэптуальнасці і яшчэ мастацкага мыслення. А адкуль тое мысленне ў пралетара? Ці той жа аквітызм…

Гей. А это еще что такое?

Бэндэ. А халера яго душу ведае! Нешта, відаць, накшталт… Нацдэмаўшчына, словам, і нічога іншага. Узвышанцы верхаводзяць. Над таварышам Авербахам смяюцца і маіх партыйных установак не выконваюць.

Гей. И какой же выход?..

Бэндэ. Я вам не ўказ, але, на маю думку, «Узвышша» трэба даўно садзіць. I найперш Бабарэку, Дубоўку, Крапіву, Пушчу, Чорнага, Глебку, Дарожнага, Кляшторнага, Кунцэвіча. (Вымае з партфеля чарговы аркуш.) Тут у мяне ўсе перапісаны. Туды б і Калюгу варта, і Мрыя, і Кундзіша, і Шашалевіча. Усе — контрыкі! I на што спадзяюцца? А колькі іх у «Полымі»? (Падае новы спіс.) Купала, Колас, Зарэцкі…