Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 4
Алесь Петрашкевіч
Пусть гость заходит…
Стэнаграфістка. Хорошо, Константин Веньяминович. (Выходзіць.)
Гей садзіцца за рабочы стол, перасоўвае тэлефоны, прымае важную паставу. Нясмела ўваходзіць Бэндэ і ў стойцы «смірна» замірае каля дзвярэй. Ён у ботах, сініх дыяганалевых галіфэ і гімнасцёрцы без пятліц. Праз плячо — партупея, на папрузе — кабура для нагана. Гаспадар доўга разглядае наведвальніка, потым паднімаецца з-за стала і ідзе да яго.
Гей. Вот вы какой, товарищ Бэндэ?! Очень рад, очень рад… (Падае руку.) Много о вас наслышан.
Бэндэ (вельмі губляецца, бо ў яго правай руцэ пухлы стары партфель; ён падае на падлогу.) Здраствіця, Веньямін Канстанцінавіч… даруйце, Канстанцін Веньямінавіч. (Абедзвюма рукамі доўга трасе руку Гею.) Я ўжо і сам хацеў… Абстаноўка жудасная! Клясавы вораг шалее!.. Нацдэмы на галавах ходзяць!.. Даруйце, я ўжо з вамі па-беларуску, бо рускім яшчэ не авлодзел, а беларускі не забыў… Бяда! Проста бяда…
Гею нарэшце ўдаецца вызваліць сваю руку з «лапаў» госця.
Шпіёнамі кішыць!.. Куды ні плюнь, на нацфашыста трапіш…
Гей. Садитесь, Лукаш Афанасьевич. (Паказвае на адно з двух мягкіх крэслаў, што стаяць абапал журнальнага століка.)
Бэндэ садзіцца, партфель кладзе на столік, папраўляе кабуру, прычэсваецца.
А вы, смотрю, с оружием не расстаетесь…
Бэндэ. Ратуй Божа. Пры мне толькі кабура. А наган у вашых ахраннікаў на прахадной… пакуль я тут…
Гей. Именное, должно быть, оружие? За гражданскую от командования?..
Бэндэ. Ад ГПУ за ўсердзіе. (Смяецца.) Насі, кажуць, на здароўе і на страх ворагам. А будзеш добра сябе паводзіць, то, маўляў, і гравіровачку імянную накладзем. А адзін не апошні чэкіст яшчэ і намякнуў: ваша, маўляў, прозвішча, таварыш Бэндэ, па-латышску азначае калі не самога ката, то таго, хто водзіць да плахі. (Рагоча.)
Гей. М-да! (Доўга ходзіць па пакоі, распальвае люльку.)
Бэндэ (назірае за гаспадаром, аглядае яго кабінет). Вы думаеце, я ў гэтым пакоі першы раз?.. Бываў і ў Аляксандра Іванавіча Крыніцкага, і ў Яна Барысавіча Гамарніка, і ў Вільгельма Георгіевіча Кнорына… А дзе яны цяпер?.. I як, скажыце вы мне, дарагі Канстанцін Веньямінавіч, такія ненадзейныя людзі маглі падняцца да такіх вышыняў?! (Абводзіць рукою і позіркам кабінет.) I што б магло адбыцца з рэспублікай, з працоўным народам, каб на пасаду Першага вас не прызначылі?!
А напачатку і Кнорын быў мужык нібыта жалезны. Ён яшчэ ў 1918 годзе (адкрывае партфель, дастае паперку) пісаў: (зачытвае) «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые отделяют их от остальных русских, должны быть изжиты. Нашей задачей является не создание новых наций, а уничтожение старых национальных рогаток…»
Гей. Очень интересная мысль. (Забірае паперку.)
Бэндэ (заахвочана). Ён яшчэ і Мяснікяну раіў ніякай беларускай самастойнасці не дапушчаць, калі той Усебеларускі з’езд разганяў. Ён, дарэчы, і Свярдлова падтрымаў, калі той наводзіў у нас шмон і ўрад Жылуновіча касаваў. Той жа Кнорын і самога Жылуновіча да пазногця прыціскаў, калі ён у Цішку Гартнага стаў ператварацца. Нездарма ж тады адзін наш разумнік казаў пра Кнорына, цытуючы Бярдзяева. (Дастае з партфеля новую паперку, з якой і зачытвае.) «Халуй Смердзякоў, гэта значыць Кнорын, быў у нас адным з першых інтэрнацыяналістаў, і ўвесь наш інтэрнацыяналізм атрымаў смердзякоўскую прышчэпку… I цяпер смердзяковы рэвалюцыі, ажыццявіўшы на справе прынцып Івана «ўсё дазволена», маюць падставы запытацца ў іванаў рэвалюцыі: «Теперь-то почему так встревожены сами-то-с?»