Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 32
Алесь Петрашкевіч
Янка Купала (
Уладзіслава Францаўна. Варэнне забылася падаць…
Янка Купала. «… исключить из партии как не изжившего антипролетарского мировоззрения антисоветских партий, как сознательно проводившего в течение всего периода пребывания в партии национал-демократическую установку в своей работе, являющегося фактически кулацким агентом в партии, как обманывавшего партию покаянными заявлениями…»
Ігнатоўскі. Можна падумаць, што тыя пакаянні я сам пісаў…
Янка Купала. «… прикрывая ими продолжение своей групповой антикоммунистической деятельности в рядах КП(б)Б, и как чуждого элемента, игравшего на руку нацдемовской контрреволюции».
Уладзіслава Францаўна. Ідыёты!!! Калі вы не апора, то на каго яны яшчэ абапруцца?!. Даруйце мне, што не змоўчала… (
Ігнатоўскі. Яны пазбавілі мяне ўсяго: навукі, працы, добрага імя, урэшце — партыі, якую я сам некалі ствараў.
Янка Купала. Ну, апошняя страта не такая і вялікая. Я, бачыце, і без партыі неяк мадзею. I выключаць мяне няма патрэбы. I вас другі раз не выключаць. А можа, настане некалі і такая часіна, што назад запросяць… (
Ігнатоўскі. Дай вам Бог, Іван Дамінікавіч… Але я хацеў бы ведаць, калі тая будыніна паднімецца. Самі ж бачыце, што яны наважыліся вынішчыць усіх дойлідаў. Гэта нават не Мамай, не Батый, не крыжакі — гэта горш і страшней. Адно мяне толькі і радуе: у нашых лепшых людзях апрычнікі ўбачылі небяспеку страціць многавяковую ўладу над тутэйшымі. А беларусізацыю і адраджэнне наша загубіла беларусафобская, чужая нам інтэлігенцыя і расейскія чыноўнікі, не без актыўнай падтрымкі аднадумцаў з іншых нацый, слаёў і класаў. Каму ж ахвота ўступаць месца вяршыцеляў нашага лёсу нашаму ж нацыянальнаму элементу? Перапалохаўся і маскоўскі цэнтр росту свядомасці гэтага самага беларускага нацыянальнага элемента. Вякамі смакталі пот і кроў народа, рабавалі калонію, а з беларусізацыяй і адраджэннем ім у перспектыве толькі і свяціла, што аблізнуцца. Хіба яны такое пацерпяць?.. Меў рацыю Крыніцкі, калі сцвярджаў на Пленуме ЦК у 26-м годзе, што антынацыянальныя, беларусафобскія элементы разглядаюць беларусізацыю, як гвалтоўнае навязванне беларускай культуры і нібыта тым самым пагарджаюць інтарэсамі іншых нацыянальнасцей. Знайшліся і «тэарэтыкі», што абгрунтавалі гэту зламысную дурноту. Нібыта беларускае адраджэнне, а тым самым і вылучэнне беларусаў ва ўсіх сферах жыцця, паслабляе самую дыктатуру сялянства (вядома ж беларускага).