Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 31
Алесь Петрашкевіч
Кузняцоў. Вы не далеки от истины, господин ксёндз. (
IX
Янка Купала. …Усевалад Макаравіч, даражэнькі, як сабе хочаце, толькі не магу я з гэтым пагадзіцца. Як-ніяк, а нешта зроблена…
Ігнатоўскі. Што зроблена? Хіба столькі можна было зрабіць за дзесяць год? Дзесяць год спадзяванняў!
Янка Купала. I тым не менш збіранне беларускіх зямель пачалося. А дасць Бог некалі і закончыцца. I супадуць этнічныя граніцы Беларусі з межамі дзяржаўнымі.
Ігнатоўскі. Можна падумаць, што якраз дзеля гэтага Масква перад Варшавай паловай Беларусі і адкупілася…
Янка Купала. Галоўнае ў тым, што мы Варшаве нічога не павінны. А сваё некалі вернем.
Ігнатоўскі. Аптыміст!.. Вы думаеце, з-за нас нехта з Еўропай сварыцца будзе? Мяркуеце, што Беларусь перастане некалі быць разменнай манетаю?.. Буферным краем?..
Янка Купала. Вам, гісторыку, відней. А тое, што мова наша, хоць і ненадоўга, а пабыла дзяржаўнаю, як і школа нацыянальнаю, — не забудзецца ніколі! I Інстытут беларускай культуры быў, і Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, і газеты, і часопісы былі, і Цэнтральны архіў! Не, братка, гэта ўжо не мала. Як бы яны ні шалелі, і ў які бы тупік народ ні завялі, а ён ужо ніколі не забудзе, што было ў яго другое Адраджэнне! Было «срэбнае дзесяцігоддзе»! I ўзлёт інтэлектуальных сіл народа быў! Культура, навука, асвета абудзіліся! Нацыянальная самасвядомасць прачнулася! А гэтага задушыць цяпер ужо нікому не ўдасца! Калі-нікалі ды прарвецца…
Ігнатоўскі. Іван Дамінікавіч, мілы, якая навука, якая культура і гаспадарка без Пічэты, Лёсіка, Ластоўскага, Некрашэвіча, Смоліча, Жылуновіча, Гарэцкага, Зарэцкага, Прышчэпава і дзесятка іншых светлых галоў, што ляглі на плаху?! Пра што вы гаворыце? На што спадзяецеся? Яны не толькі загоняць у магілу нас з вамі. Яны прыдушаць народ на дзесяцігоддзі, а мо і стагоддзі, давядуць яго да атупення, да духоўнага ўбоства і галечы. Пры сучасным рэжыме і тэндэнцыях яго развіцця народ наш сапраўды ператворыцца ў быдла, якое забудзе, хто яно і адкуль узялося. I панаваць над тутэйшымі будуць тыя ж маскалі ды іншыя прыблуды. Яны ператвораць нашу моладзь у янычараў, якія забудуць не толькі матчыну мову, але і сваю крэўнасць з Бацькаўшчынай наогул…
Янка Купала. Кепскі ж у вас настрой, Усевалад Макаравіч. Зусім кепскі…
Ігнатоўскі. А з чаго добрага яму быць іншым? Ці, можа, я не ў АДПУ кожную ноч начую? Ці, можа, не адзін і той жа бруд льюць на нас «сябры» нашы Чарвякоў з Галадзедам. I ў ЦК, і ў СНК, і ў ЦВК — адна шавіністычная маскальская шобла!.. А халуй Чарвякоў, запалоханы халуём Галадзедам, на XIII з’ездзе партыі пры ўсім народзе паабяцаў Рапапорту — даслоўна — «дапамагчы высветліць да канца ўсё тое балота, усю тую гніль, якая, бачыце, нас абкружыла і ад якой нам (ім, значыцца) трэба самым рашучым чынам ачысціцца». (