Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 26
Алесь Петрашкевіч
Бянігна Іванаўна. Малюся табе, Божа наш, раба Твайго Івана, сыночка майго Яначку баляшчага наведай міласцю Тваёй, даруй яму ўсякія саграшэнні вольныя і нявольныя. Госпадзі, гаючую Тваю сілу з нябёсаў пашлі, датыкніся цела яго пашкоджанага, пагасі агнявіцу, утаймуй немач яго, паднімі яго ад ложа азлаблення, даруй яго Царкве Тваёй, тварашча волю Тваю. Памілуй і ўратуй яго, Божа наш, і Табе славу шлём, Айцу і Сыну і Святому Духу, зараз і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Святло паволі згасае.
Дзея трэцяя
VII
Кабінет Гея. Гаспадар з люлькаю паволі ходзіць туды-сюды. Тут жа знаходзіцца і Лукаш Бэндэ.
Бэндэ (чытае з аркуша). «…На літаратурную ніву я ўступіў у 1905 г., надрукаваўшы свой першы верш «Мужык». Мэта, якую я ставіў перад сваёй паэтычнай творчасцю, гэта было паказаць у мастацкай форме ўсю беднату, цемнату, нядолю і падняволле батрацтва і бедняка беларускае вёскі. Але, пачаўшы з 1908 г., у часы самае чорнае рэакцыі, працаваць у «Нашай Ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнскімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасці, апяваючы, як нешта цэлае, пазакласавае, беларускі «народ», ідэалізуючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, феадальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым клясавую сутнасць сацыяльнае і нацыянальнае барацьбы за вызваленне…»
Гей (незадаволена, нават злосна). Вы что, товарищ Бэндэ, под копирку штампуете эти отречения?!
Бэндэ (разгублена). Як — пад капірку?..
Гей. Что Коласу, что Игнатовскому, что Купале!.. Одно и то же.
Бэндэ. А вы павесьце Купалу з Коласам на адной перакладзіне, дык адзін аднаго не перацягне.
Гей. Разве что…
Бэндэ. З «Нашай Нівы» і да сёння наздра ў наздру ідуць інаходцы…
Гей. Да-а?..
Бэндэ. I не сумнявайцеся! Кожнаму дурню вядома, што яны…
У кабінет урываецца ўзрушаны і разгневаны Рапапорт.
Рапапорт (амаль крычыць). Выйдите отсюда прочь, Бэндэ!
Бэндэ вылятае з кабінета.
Провокатор! Контра! Сволочь недорезанная! С ним по-человечески, а он на тот свет улепетнуть хотел…
З’яўляецца перапалоханы Бэндэ.
Бэндэ (вінавата). Даруйце, портфель… (Хапае партфель, бяжыць за дзверы.)
Рапапорт (камандуе). Бэндэ, назад!
Бэндэ вяртаецца ні жывы ні мёртвы.
Бэндэ, к ноге! (Рагоча.) Если заведу себе новую собаку, обязательно назову ее Бэндэ. (Камандуе.) Бэндэ, ляг!.. Бэндэ, возьми!.. Бэндэ, фу!.. (Дастае з кішэні паперку.) Прочти вот это. Все равно я с вашего этого… языка сам не переведу… (Гею) Только что Червяков передал…
Бэндэ (дрыжучы, бярэ паперку, разгортвае, чытае заікаючыся).
«Старшыні ЦВК СССР і БССР т. Чарвякову.
Таварыш старшыня!
Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць.
Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую…
Верш мой «Паўстань…» справакавалі…