Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 23
Алесь Петрашкевіч
Які сорам перад людзьмі і Богам!..
Людзі спадзяваліся на Купалу, як на прарока, а ён стаў выконваць ролю блазна. Адабралі пакой і ўпэўненасць. Мой верш страціў свой патаемны сэнс. У свеце няма праўды і сумленнасці, а ў маёй душы няма больш суладнасці. А якая паэзія без суладнасці ў душы? Ты, Журанка, як і я, на ланцугу, але ж без пачуцця страху. А мая пачуццёвасць пераходзіць у страх за сябе, за родных, за няшчасную краіну. Які ўжо тут рамантызм, калі сацыялістычны рэалізм набрыняў крывёю падуладнага народа-раба.
Журан, братка, няма выйсця. Адзін паратунак — завыць з табою разам і на месяц, і на сонца, і на ўвесь белы свет. Дый…
А жыццё ж новае ўяўлялася мне некалі ў вобразах Сонца, Казкі, Вясенняга выраю, Агністай песні, Вольнага птаха, Вечавага звона, Папараці-кветкі, Сакаліных дзяцей. А назаві я сёння злыдняў сучкінымі дзецьмі, дык жа абразіш усіх тваіх нявінных суродзічаў. З языкоў-джалаў гэтых гадаў-нелюдзяў нават словы не злятаюць людскія. Толькі і чуеш: «вораг народа», «нацфашыст», «вражье охвостье», «змеиное жало», «осиное гнездо». Лепшыя людзі Айчыны для іх «националистическая плесень», «шпионы», «диверсанты», «подпольщики», «рвань». Дураломства не мае межаў. Пад нож, пад колы пусцілі навуку, растапталі мову, разбураюць адукацыю і культуру, выкарчоўваюць і раўнуюць гістарычную памяць, нібы сам свет нарадзіўся ў адну цёмную ноч з тым пачварным пралеткультам. Самым жудасным для іх стала тое, што людзі, як надзею, назвалі Адраджэннем. Такія вось справы, мой ты мілы дружа.
Зайздрошчу. Табе яшчэ жыць можна. Ты хоць і на ланцугу, але ж ад усяго іншага вольны. А на маім месцы ніякі сабака не вытрымаў бы. Беспрытульнасць, адзінота, беспрасветнасць. Нават родным не магу прызнацца, што яны са мною па начах робяць.
Свет, здаецца, сарваўся з трывалай восі і нясецца немаведама куды.
Скончылася і «срэбнае дзесяцігоддзе» Адраджэння. Здаецца, пачалася эпоха ўсеагульнага халуйства перад прыблудамі са свету.
Мяне ж абвінавачваюць не толькі ў перапевах нашаніўскіх нацдэмаўскіх матываў, але і хочуць зрабіць самім Рабесп’ерам, які нібыта падрыхтаваў гільяціну для бальшавіцкіх каралёў і каралевічаў.
А ці ж не я хацеў рэвалюцыі?! Ці ж не я чакаў і апеў яе вялікі прыход. Думалася ж, што народ мой нарэшце стане гаспадаром сваёй зямлі, сваёй дзяржавы, свайго лёсу. I, можа, ёсць боская справядлівасць у тым, што менавіта яна, рэвалюцыя, кіне мяне на сваю крывавую плаху.
Спачатку хацеў шукаць паратунку і для сябе і для іншых у Чарвякова і Галадзеда, ды падумалася: за сваю шкуру, відаць, дрыжаць халуі маскоўскія. Якая ўжо тут помач сваім?..