Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 22

Алесь Петрашкевіч

Янка Купала (беручы пропуск). Так я і не зразумеў, хто вы…

Каваль. Чалавек я, Іван Дамінікавіч. I на загубу сваю — сумленны.

Янка Купала. Тады да спаткання, сумленны чалавек…

Каваль. Не будзе ў нас больш спаткання, Іван Дамінікавіч… Не будзе…

Янка Купала (з сумам усміхаючыся). А я прывык ужо… штоноч…

Каваль. Застрэлюся я сёння ноччу, калі наган не адбяруць, ці павешуся, хоць гэта і брыдка.

Янка Купала (зусім збянтэжана). Як застрэліцеся?!

Каваль. Звычайна… як іншыя…

Янка Купала. Чаму?! Навошта?! Што гэта вы гаворыце?!

Каваль. Рапапорт сказаў Кузняцову, што вас сёння раніцою браць будуць. А без вас я не хачу заставацца на гэтым свеце…

Купала разгублена маўчыць.

Яны прымусяць мяне напісаць, нібы вы ва ўсім прызналіся. Потым вас будуць біць і вы ўсё падпішаце, як і іншыя ўжо падпісалі і на сябе, і на вас, і адзін на аднаго…

Святло паволі згасае. Заслона закрываецца. Асвятляецца постаць Бянігны Iванаўны.

Бянігна Іванаўна (моліцца). Найслаўная Дзева, Маці Хрыста Бога, прымі маю малітву Сыну твайму і Богу нашаму, ды ўратуе ён Табою душу сына майго Янкі. Усе надзеі мае на Цябе ўскладаю, Маці Боская, абарані яго пад рукою Тваёй. Багародзіца Дзева, не адступіся ад мяне, грэшнай, якая просіць Тваёй дапамогі і Тваёй абароны, на Цябе спадзяецца душа мая, памілуй яго і мяне. Вярні жывым і здаровым. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амін. (Хрысціцца, ціха галосіць.)

Ай, Божа мой, Божа мой, А дзе ж мне пахіліцца, А дзе раданьку ўзяці, А ў каго папрасіці, Ці ету раданьку купіці, Ці яе пазычыці. Парай мне, ночачка цёмная, Падкажы мне, месячык ясны…

Святло паволі згасае.

VI

Сцэна асвятляецца.

Ганак перад дзвярыма Купалавай хаты. Тут жа побач будка, да якой прывязаны ланцужком сабака. Падыходзіць Янка Купала, стомлена садзіцца на прыступках ганка. Сабака лашчыцца да яго, радуецца сустрэчы.

Янка Купала. I ты не спіш? Непакоішся, што павалакуць у сведкі па справе абвінавачанага гаспадара?.. I будзеш ты адказваць на пытанні, што бачыў ды што чуў у гэтым доме. (Лашчыць сабаку.) Бачу — разумееш, а сказаць не можаш… У іх памерлы можа загаварыць. Сябры мае ды знаёмыя і загаварылі ўжо, і пацвердзілі, што Янка Купала — вораг закляты і свайму народу, і рэвалюцыі, і дзяржаве. Трэці супастат пасля Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага! Падпольшчык, бунтаўшчык, шпіён і здраднік. Божа літасцівы, якая няўдзячнасць «партии и правительству». Яны мне ганаровыя званні і членства ў ЦВК, а я ў адказ не гімны, не асанну, не многае лета пяю ім, а звычайныя «дрындушкі», як той Якуб кажа, на адчэпнае:

Апяваюць у песнях Працу, гераізм, Як на край балотны Йшоў сацыялізм. Як пад пільнай вартай Партыі пабед — Бальшавіцкай партыі — Вырас новы свет.

Цяпер нават сам здзіўляюся гэтаму несусветнаму прымітыву і, даруй, дружа, лухце сабачай.

Можна, відаць, прымусіць пісаць руку, але нельга прымусіць спяваць душу і сэрца. Схаладзела, вымерзла душа. Верш не выпраменьвае цяпла. Паламалі мяне, Журан, пакалечылі, знявечылі, зруйнавалі. Увагай, ліслівасцю, падачкамі на беднасць аплялі, бы павуціннем, абклалі чырвонымі сцяжкамі, як ваўка, і гоняць цяпер у катух ды на ланцуг. Паэта-птаха, паэта-рамантыка ператварылі ў юбілейнага падзёншчыка, у газетнага вершаплёта на патрэбу дня…