Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 21

Алесь Петрашкевіч

Адзін накраў — багацце ўмножыў, Другі згалеў, галей сабакі… Бяду нажыці ўсякі можа, Бяды пазбыціся — не ўсякі… Крутым хвастом на ўсе староны, Як сучка, доля меле, дзеле: Адным спраўляе пахароны, Другіх склікае на вяселле.

Каваль (вельмі спакойна). Іван Дамінікавіч, я і гэты верш ведаю на памяць. I наогул, я ведаю вас на памяць усяго. На дзівацтва маё не здзіўляйцеся. Адны ведаюць на памяць прарока Пушкіна, другія прарока Шаўчэнку. Чаму ж мне, Мікалаю Кавалю, не ведаць прарока Купалу? Маё няшчасце, як і ваша, у тым, што вымушаны я іграць ролю Мікіты Зносака, малоць хвастом і… дапытваць самога Янку Купалу… Не толькі ваша воля на крыжы. Падобна, што яны раскрыжуюць цэлы народ…

Янка Купала (здзіўлена, у роспачы). Калі вы не правакатар, то хто тады?..

Каваль. Настаўнік я, Іван Дамінікавіч. Звычайны настаўнік роднай мовы, якая, дзякаваць Богу, жыве яшчэ і маімі малітвамі.

Нечакана ўваходзіць Жанчына. Убачыўшы Янку Купалу, вельмі бянтэжыцца.

Жанчына. Даруйце… (Да Каваля.) Адпусцілі мяне… Пропуск бы падпісаць… (Здзіўлена глядзіць на Янку Купалу.)

Каваль. Вашу справу вядзе следчы Кузняцоў… Пачакайце за дзвярыма, калі ласка.

Жанчына. Даруйце!.. Дзякую!.. Да пабачэння!.. О, Божа, што я кажу?! (Выходзіць.)

Уваходзіць Кузняцоў.

Кузняцоў (да Каваля). Выйдем на минутку.

Абодва выходзяць. Купала ўстае з зэдліка, падыходзіць да акна, сціскае краты.

Янка Купала (грозна чытае верш «Паўстань…»).

Паўстань з народу нашага, прарок, Праяваў бураломных варажбіт, I мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт! Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю… Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок! Паўстань з народу нашага, пясняр, Былых і будучых вякоў баян, I ў бурны кліч, як буры ўдар, З віхрамі загудзі пад звон кайдан! Гудзі над Беларусяй з краю ў край, У сэрцах спячых распалі пажар, Над курганамі перуном зайграй! Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр! Паўстань з народу нашага, ваяк, I волатам на вогненным кані Народ аграблены — бы з торб жабрак — За Бацькаўшчыну павядзі ў агні! Да хвалы шлях айчыне пакажы, Змяці з палёў яе чужых бадзяк, На стражы стань гранічнае мяжы… Свой край заваяваць паўстань, ваяк! Паўстань з народу нашага, Ўладар, Адбудаваць свой збураны пасад, Бо твой народ забыў, хто гаспадар I хто яго абдзёр з каронных шат. На Ўладара жджэ Беларусь даўно. I жджэ цябе ўладарства Божы дар, Вялікае, магутнае яно… Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар.

Уваходзіць Каваль.

Каваль (з нейкім асаблівым жалем і сумам). Давайце ваш пропуск, Іван Дамінікавіч. (Падпісваючы пропуск.) Ідзіце дамоў…