Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 20

Алесь Петрашкевіч

Чаму гэта так?

Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расійскага лагера. Беларуская дзяржаўнасць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княства. Геаграфічнае палажэнне Беларусі таксама не горшае, як у людзей…

Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?..

Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.

Для адбудавання вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.

Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання…

…Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».

Янка Купала (здзекліва). А ў вас ёсць пярэчанні?..

Каваль. Баронь бог, Іван Дамінікавіч…

Янка Купала. У чым жа тады справа? I чаму я тут? Чаму наша воля на крыжы?!

Каваль (чытае верш Я. Купалы «Акоў паломаных жандар…»).

Акоў паломаных жандар, Сліўнём зарыўшыся ў нару, Сядзіць расійскі чынадрал, «Слуга оцечаству, цару». Ён сніць былую моц і шыр: Цары, царыцы, цэрквы, трон, Пагромы, катаргі, Сібір… О Русь! Прымі раба паклон!.. Сніць далей гэты царадвор, Калі надыдзе яму дзень, Ізноў пад лёзгат царскіх шпор Свой распасцерці чорны цень. Ён, гэты скінуты сатрап, Не знае, што ў свабодзе жыць; Яму дай вісельню, дый каб На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць. Не па нутру, як смерць, яму, Што беларускае дзіцё Бяжыць у сцюжную зіму У школку пазнаваць жыццё. Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх, Напаўадзеты вёскі сын, У роднай мове ўчыцца змог?.. О, стыдна, рускі «гражданин»! Язык твой царскі ён табе Не выража, спакойны будзь! Цябе тваім жа у кляцьбе Ён не забудзе памянуць.

Янка Купала (перахоплівае верш).

Былых не выклічаш вякоў І ты, Масквы кароннай гразь, Парваных не скуеш акоў, З якой брахнёю ні вылазь!

Каваль (крыху разгублена). Падобна, што вы гэта мне, асабіста?..

Янка Купала. Вам, асабіста, шаноўны таварыш Мікіта!

Каваль. Чаму Мікіта? Я Мікола…

Янка Купала. Вы Мікіта Зносак! Скажу шчыра, не спадзяваўся сустрэць вас у АДПУ…

Каваль. Шаноўны Іван Дамінікавіч, пакуль мы не развіталіся, у вас ёсць магчымасць сказаць мне ўсё, што вы хочаце…

Янка Купала. Калі можна, я вершам. Наўрад ці ўсе вы на памяць вывучылі… (Чытае верш «Разлад».)

Куды ні глянеш — людзі, людзі, Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы, Куды ні глянеш — б’юцца ў грудзі, Што значыць: правільныя вельмі.