Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 19

Алесь Петрашкевіч

Янка Купала. Я толькі гэта і раблю.

Кузняцоў. Вы фактически уклонились от ответов на все наши вопросы относительно враждебной нашему народу и государству деятельности ваших друзей и единомышленников в Академии наук, в наркоматах, редакциях и, наконец, в литературных «гуртах», как выражается товарищ Бэндэ, где плелась паутина зловещего заговора врагов народа, 86 из которых мы предали пролетарскому суду. Что касается вас, гражданин Луцевич, то можете отмалчиваться и дальше. Теперь это уже не имеет значения. Многие изобличенные в предательстве ваши друзья и единомышленники по подпольному «Саюзу вызвалення Беларусі» изобличили и вас. Теперь у нас нет сомнений, что вы являетесь не только лидером «Саюза вызвалення», но и идейным отцом и вдохновителем национал-демократизма и правого кулацкого уклонизма. Хотелось бы, чтобы вы поняли, что мы это уже поняли и на этом ставим точку. (Кавалю.) Я на доклад к товарищу Григорию Яковлевичу… (Выходзіць.)

Каваль (пасля паўзы, чытае пранікнёна верш Я. Купаны «Перад будучыняй»).

Стаім мы перад будучыняй нашай I ўсё варожым, сочым ейны ход… Ці ўскрэснем мы з душой ўпаўшай, звяўшай, Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род… Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім Пад маскай, асляпляючаю нас, I што сказаць самім сабе і людзям, Не ведаем, не можам, хоць і час. Заціснуты, задушаны, як мышы Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў, Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы Таго свайго, што наша ад вякоў… Цябе чакаем, будучыні нейкай, Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш, I гінем марна пад чужой апекай, Адбіўшыся ад родных вехаў, меж… I так жывём, сябе саміх не знаўшы, Учора, сёння лазім між канаў… Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай Навек залом пракляты заламаў? Няўжо нас не аб’ясніць розум ясны, I не пакінем біцца з кута ў кут? Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны — Кліч бураломны: вызваленне з пут?!

Янка Купала (узрываецца). Не адмаўляю! Пісаў! Сам! Свядома! Уласнаручна. Яшчэ ў чэрвені 1922-га! I не каюся, хоць і смуткую, што з той ужо далёкай пары нічога ў нас і не змянілася. (Пасля доўгай паўзы, ціха і прыгнечана.) Дэкламуйце далей — што вы там яшчэ вывучылі?

Каваль. Далей проза, Іван Дамінікавіч…

Янка Купала. Чытайце прозу, якая мне розніца…

Каваль. Мне на памяць ямчэй, Іван Дамінікавіч…

Янка Купала здзіўлена глядзіць на Каваля.

(Чытае па памяці і так, нібы ён гэта сам напісаў).

«Калі гавораць аб незалежнасці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г. д. — усе яны маюць права на гэта… незалежнасць гэтых дзяржаваў не выклікае ніякіх спрэчак…

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.