Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 9

Мыйв Бінчы

— Голасу? — Эйдан зразумеў у чым справа, але вырашаў не падаваць выгляду.

Нятрапны ход. Ён толькі вывеў Дырэктара зь сябе: — Не валяй дурня, ты выдатна ведаеш, аб чым прамова. Праца, праца, мой хлопчык.

— Ну дык..., — Эйдан адчуў сябе ёлупам.

— Я чалец Рады Апякуноў бяз права голасу. Ад мяне нічога не залежыць. Будзь мая воля, ты атрымаў бы гэтую працу ў верасьні. Я б даў табе некалькі парад наконт вісусаў з Чацьвёртага Кляса, але ўвогуле я высока цябе шаную і лічу чалавекам, які разумее, што добра для школы.

— Дзякую, спадар Уолш, прыемна ведаць.

— Хлопец, выслухай, перш як казаць … тут мяне дзякаваць няма за што. Я ўвогуле нічога не магу для цябе зрабіць, вось што я спрабую табе ўтлумачыць, — стары глядзеў з такой роспаччу, быццам перад ім стаяў недарэка зь Першага Кляса.

Нешта было ў гэтым поглядзе агульнае з тым, як часам зіркала на яго Нэл, з тугой зразумеў Эйдан. Ён вучыў чужых дзяцей вось ужо дваццаць шэсьць гадоў, з таго часу, як яму споўнілася дваццаць два, але ж паняцьця ня меў, што адказаць чалавеку, які так імкнуўся дапамагчы яму. Ён толькі усё больш яго разьюшваў.

Дырэктар пільна зірнуў на яго. Ад старога не атулілася, што робіцца ў душы Эйдана. — Зараз ідзі, памкніся. Ня будзь такім пабітым. Можа я і ня маю рацыі. Гэта цалкам можа быць памылкай. Я стары конь, якога адпраўляюць папасьвіцца на траўцы, і наўпрост жадаю падстрахавацца на выпадак, калі справа абвінецца не на тваю карысьць.

Эйдан бачыў, Дырэктар кажа з глыбокім шкадаваньнем. — Не-не. Я вельмі шаную гэта, я маю на ўвазе, з вашага боку было надзвычай ласкава сказаць мне, як вы ставіцеся да ўсяго гэтага … у сэнсе … — у Эйдана сеў голас.

— Тое ж не канец сьвету … мяркую, ты не ўспрымаеш гэта так.

— Не-не, абсалютна.

— Бо ў цябе ёсьць сям'я, шмат іншых інтарэсаў. Значную частку твайго жыцьця займае дом. Для цябе сьвет не сышоўся клінам на гэтым месцы, як доўгія гады было ў мяне, — спадар Уолш ужо даўно ўдавеў, адзіны сын наведваў яго, але рэдка.

— Цалкам дакладна, усё як вы мовіце, — пацьвердзіў Эйдан.

— Але? — стары пазіраў на яго добрым, уважлівым поглядам.

Эйдан спакваля працягваў, — Вы маеце рацыю, аб канцы сьвету прамова не ідзе, але я меркаваў, я лічыў … спадзяваўся, гэта зможа зьмяніць усё маё жыцьцё. Я ня маю на ўвазе дадатковыя гадзіны. Я і так бавлю тут зашмат часу. Проста я, гэтак жа як вы, вы ведаеце, нейкім чынам павянчаны з Выгляд-На-Гару.

— Ведаю, — мякка адказаў спадар Уолш.

— Я ніколі ня гнёўся маёй працай. Я люблю мае клясы і асабліва Пераходны Кляс, калі можна трохі прыадчыніць іх ракавіны, пазнаць іх лепей, навучыць іх разважаць. Мне падабаюцца нават сустрэчы з бацькамі, што ўсе ненавідзяць, бо я памятаю ўсіх дзяцей і … мяркую, мне падабаецца ўсё, акрамя палітычнай часткі гэтай працы, неабходнасьці прабіваць і пхаць, — нечакана скончыў Эйдан. Ён спалохаўся, што голас зьменіць яму, усьвядоміў, што ягоны напор дарэмны.

Спадар Уолш маўчаў.

Знадворку данасіўся звычайны для паловы а пятай школьны гоман. Здалёк чуўся бразгат ровараў, лопат дзьвярэй, крыкі дзяцей, якія беглі да аўтобуса. Неўзабаве да іх даляцеў шум вёдзер і швабраў прыбіральшчыц, гудзеньне электрычных палацёраў. Такія знаёмыя, такія надзейныя гукі. І ў гэты момант Эйдан зразумеў прывіднасьць сваіх шанцаў.