Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 8

Мыйв Бінчы

Яны ішлі побач па калідорах Школы Выгляд-На-Гару, якую яго маці жадала бы менаваць Школай Сьвятога Кевіна, альбо нават лепей Сьвятога Антонія. Антоніем клікалі сьвятога, які дбаў аб страчаных рэчах, і чым старэй станавілася маці, тым часьцей яна да яго зьвярталася. Ён адшукваў яе акуляры па дзесяці разоў на дзень. Самае малое, чым людзі маглі аддзячыць яго — назваць ягоным імем школу. Калі б яе сын стаў Дырэктарам … ўзмацняла яе надзея.

Паблізу крочылі дзеці. Некаторыя хорам віталі іх: — Дабранак, — іншыя моўчкі глядзелі ў бок. Эйдан Данн ведаў іх усіх, ведаў іх бацькоў. Памятаў старэйшых братоў і сясьцёр шмат каго зь іх. Тоні А’Брайн ня памятаў амаль нікога зь іх. Гэта было так няшчыра.

— Уначы я сустрэў адну тваю знаёмую, — нечакана паведаміў Тоні А’Брайн.

— На вечарынцы? Малаверагодна, — усьміхнуўся Эйдан.

— Не, сапраўды. Калі я распавёў, што выкладаю тут, яна спытала, ці ведаю я цябе.

— І хто ж яна? — пацікавіўся Эйдан, крыўдуючы на сябе.

— Ня ведаю яе імя. Прывабная дзеўчына.

— Можа, былая вучаніца?

— Не, тады б яна ведала мяне.

— На самой справе, дзіўна, — адказаў Эйдан, гледзячы як Тоні А’Брайн уваходзіць у Пяты Кляс.

Раптоўная цішыня была невытлумачальна. Чаму яны так паважаюць яго, баяцца, што ён зазначыць, як яны балбочуць ці свавольнічаюць? Далібог, Тоні А’Брайн нават ня ведае іх імёнаў. Ён ледзь праглядае іх працы, не аддаў ні гадзіны свайго сну на вынікі іх іспытаў. Увогуле не занадта пячэцца аб іх. А для іх так важна яго ўхвала. Эйдан ня мог зразумець гэта. У шаснаццацігадовых хлопчыках і дзяўчынках. Яму даводзілася чуць, жанчынам падабаюцца мужчыны, якія дрэнна да іх ставяцца. Ён выпрабоўваў штосьці накшталт палягчэньня таму, што шляхі Нэл і Тоні А’Брайна ніколі ня сходзіліся. Хаця, калі разабрацца … у нейкім сэнсе Нэл даўно пакінула яго.

Эйдан увайшоў у Чацьвёрты Кляс і хвіліны тры прастаяў ля дзьвярэй, чакаючы, пакуль змоўкне гоман.

Ззаду, у калідоры, яму прычуліся крокі спадара Уолша, старога Дырэктара. Але хутчэй за ўсё яму зьвярзлося. Любы настаўнік можа пацьвердзіць: калі твой кляс парушае дысцыпліну, заўсёды ўзьнікае пачуцьце блізкасьці Дырэктара. Эйдан ведаў, падстаў для турбот няма. Няхай нават Чацьвёрты Кляс пашуміць трохі больш звычайнага. Гэта не прыцягне ўвагі Дырэктара. Ўсім вядома, Эйдан Данн самы адказны настаўнік у Выгляд-На-Гару.

Бліжэй да сярэдзіны дня спадар Уолш запрасіў яго да сабе ў кабінэт. Пэнсія Дырэктара была не за гарамі. Сёньня ён упершыню вырашыў сур'ёзна гэта абмеркаваць.

— Мы з табой аднолькава ставімся да шматлікіх рэчаў, Эйдан.

— Спадзяюся што так, спадар Уолш.

— Так, у нас агульны погляд на жыцьцё. Але тага нядосыць.

— Я не зусім разумею, аб чым гаворка. — Эйдан казаў чыстую праўду. Маецца быць філязофская дыскусія? Заўвага? Вымова?

— Ты ж бачыш, гэта сыстэма. Так яны вырашаюць пытаньні. Дырэктар ня мае голасу. Вось і сядзіш тут, як апошні ідыёт.