Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 7

Мыйв Бінчы

Яшчэ яго палохала, што калі ён пачне бавіць у кабінэце зашмат часу, дык у выніку і спаць пачне там жа. Да таго ж на першым паверсе свая прыбіральня. Таго і глядзі, другі паверх застанецца за трыма жанчынамі.

Ён не павінен папусьціць, трэба змагацца за сваё месца ў сям'і, трэба змагацца за меркаваньне Рады Апякуноў, мужчын і жанчын, якія вызначаць наступнага Дырэктара школы Выгляд-На-Гару.

Яго маці ніколі не магла зразумець, чаму іх школу не назвалі ў гонар якогась Сьвятога. Як называлі ўсе школы. Цяжка было растлумачыць ёй, наколькі ўсё зьмянілася. Ён даводзіў ёй, што сьвятар і манашкі па-ранейшаму ўваходзяць у Раду Апякуноў. Ім не належыць вырашальнае слова, але іх прысутнасьць нагадвае аб становішчы, якое рэлігія доўгія гады мела ў ірляндзкай адукацыі.

Маці Эйдана пырхала. Гэта што ж робіцца, калі сьвятары і манашкі павінны радавацца таму, што захоўваюць месцы ў Радзе, замест таго, каб кіраваць ёй, як тое патрэбна Госпаду? Дарэмна Эйдан спрабаваў растлумачыць ёй, што ў дзевяностыя гады нават у сярэдняй школе, нібы захоўваючай рэлігійныя парадкі, амаль няма настаўнікаў-вернікаў.

Аднойчы Нэл пачула яго спрэчку з маці і параіла яму ня зморвацца дурам: — Адкажы ёй, што яны па-ранейшаму запраўляюць усім, Эйдан. У вядомым сэнсе так яно і ёсьць. Людзі баяцца іх. — Яго прыводзілі ў шаленства такія разважаньні. Нэл ня мела падстаў палохацца ўлады Каталіцкай Царквы. Яна бывала на набажэнствах гэтулькі, колькі лічыла патрэбным, ігнаравала споведзь і забароны царквы на кантрацэпцыю. У чым жа цяжар, што ўскладае на яе царква? Але ён не спрабаваў пераканаць яе. Ён прымаў гэта стрымана, як шматлікія іншыя рэчы. Напрыклад тое, што ў яе ніколі не ставала часу для яго маці. Не варожасьць, не. Наўпрост аніякай цікавасьці.

Часам яго маці пытала, калі ж яны запросяць яе да абеду. Эйдан адказваў, што зараз яны зусім заматляліся, але калісь абавязкова знойдуць час…

Гэтае апраўданьне досыць збузавалася за тыя дваццаць гадоў, што ён ўжываў яго. Наўрад ці шчыра было вінаваціць у тым Нэл. Нельга казаць, што сваю маці яна часьцей клікала кудысьці. Вядома, яны запрашалі ягоную матулю на ўсе сямейныя сьвяты ў рэстарацыях. Але гэта ня тое. І падстаў для сьвятаў у іх так даўно не здаралася. За выключэньнем, вядома, надзеі атрымаць прызначэньне на пасаду Дырэктара.

— Добра правёў выходныя? — спытаў яго Тоні А’Брайн у настаўніцкай.

Эйдан са зьдзіўленьнем паглядзеў на яго. Даўно ўжо ніхто не задаваў яму гэтакага пытаньня. — Ня кепска, ці ведаеш, — адказаў ён.

— Выдатна, табе шанцуе. Я вось быў напярэдадні на вечарынцы, і зараз ледзь жывы. А да старой, добрай, ратуючай абедзеннай пінты яшчэ тры з паловай гадзіны, — праенчыў Тоні.

— Які ж ты трывалы, — Эйдан спадзяваўся, што гарката і неўхваленьне не пануюць ў яго голасе.

— Зусім не. Мне гэта ўжо не па зубах, але ў мяне няма такога суцяшэньня, як жонка і сям'я, у адрозьненьне ад вас усіх, — цяпло ўсьміхнуўся Тоні. Эйдан адзначыў, што, ня ведаючы яго і ягоных звычак, можна было б упэўніцца — яму шчыра шкада.