Читать «Вечаровы кляс» онлайн

Мыйв Бінчы

Мэйв Бінчы

Вечаровы кляс

Даражэнькаму, шчодраму сэрцам Гордану,

                                         grazie per tutto,

                             са ўсім маім каханьнем

ЭЙДАН

Суцэльная вечнасьць пралегла паміж сёньня і тымі дзівоснымі 70-мі. Тады яны захапляліся запаўненьнем анкет.

Эйдану падабалася ў выходныя адшукаць у газэце тэст Вы Клапатлівы Муж? альбо, скажам, Як Вы Ставіцеся Да Шоў-бізнэсу?. Яны зьбіралі неблагія балы ў анкетах Ці Падыходзіце Вы Адно аднаму? і Ці Ладзіце Вы Зь Сябрамі?.

Але ж гэта было так даўно...

Калі сёньня Нэл ці Эйдану Данн трапляўся на вочы якісь тэст, яны не сьпяшаліся адказаць і паглядзець на вынікі. Занадта пакутлівыя былі пытаньні Як Часта Вы Займаецеся Каханьнем? а) Часьцей чатырох разоў на тыдзень? б) У сярэднім двойчы на тыдзень? у) Кожную суботу? г) Радзей?. Хто імкнецца ведаць, наколькі радзей, і высьвятляць, як інтэрпрэтуюць гэты факт анкетныя мудрагельцы?

Сёньня яны перагарнуць старонку, ледзь згледзеўшы артыкул на тэму Ці Сумяшчальныя Вы?. Не паўстане ні спрэчак, ні разнамыснасьці. Эйдан ніколі не даваў здрады Нэл і лічыў, што яна таксама ня схібіла. Ці не была саманадзейнай такая ўпэўненасьць? Яна заставалася прывабнай жанчынай; мужчыны на яе бясспрэчна заглядаліся.

Эйдан выдатна ўсьведамляў, што шматлікія мужанькі, шчыра зьдзіўленыя доказамі няслушнасьці сваіх жонак, наўпрост самаздаволены і няўважлівы. Але ня ён. Бо ён ведаў, Нэл ня стане сустракацца з кімсьці іншым, займацца каханьнем з другім мужчынам. Ён разумеў яе так добра. Ён бы адразу сьцяміў. Ды і дзе бы яна магла каго сустрэць? А нават калі б і сустрэла кагосьці, кімсьці захапілася. Куды маглі бы яны пайсьці? Не, недарэчная думка.

Мабыць, усе адчуваюць тое самае. Гэта цалкам можа належыць да тых акалічнасьцяў, жаданьня асьвядоміць якія зь цягам часу ўсё менее. Такіх, як ламота і боль ў нагах пасьля доўгага шпацыру. Як зьнікненьне прагі слухаць папсу, і нават увогуле няздольнасьць зразумець, што ж вабіла ў ёй раней... Пэўна, ты паволі аддаляесься ад чалавека, ў якім бачыў падмурак сусьвету.

Верагодна, любы чалавек сарака васьмі год, перасягнуўшы на сорак дзевяты, выпрабоўвае тыя ж пачуцьці. Ва ўсім сьвеце годзе мужчын, якія жадалі бы бачыць у жонках больш палкасьці і жарсьці, нават ня толькі ў каханьні, гэта кранае самых розных рэчаў.

Шмат часу мінула з тае пары, калі Нэл цікавілася ягонай працай, яго надзеямі і мроямі аб школе. Некалі яна ведала па імёнах ўсіх настаўнікаў і шматлікіх вучняў, яе захапляла гутарка аб прасторных клясах і аб пастах дзяжурных, аб школьных экскурсіях і п'есах, аб праектах Эйдана адносна Трэцяга Ўзроўню навучэньня.

Зараз яна не ўнікала ў тое, што адбываецца. Калі прызначылі новага Міністра Адукацыі, Нэл толькі сьцепанула плячыма. — Упэўненая, горш за свайго папярэдніка ёй ня быць, — вось усё, што сказала ягоная жонка. Нэл нічога ня ведала аб Пераходным Клясе, але лічыла яго ідыёцкай раскошай. Яна ўяўляла сабе дзяцей, стала занятых думкамі, дыскусіямі … пошукамі сябе … замест сур'ёзнай падрыхтоўкі да іспытаў.