Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 11

Мыйв Бінчы

Яна сышла.

Ён зрабіў сабе кубак распушчальнай кавы і сеў за кухенны стол. Увайшла Брыджэт. Цёмнавалосая, у рабаціньні, роўна як ён, але, па шчасьці, не такая вуглаватая. Яе старэйшая сястра вырасла падобнай да Нэл прывабнай бляндынкай.

— Тата, гэта несумленна, яна ўжо амаль гадзіну ў ваннай. Прыйшла дахаты а палове на шостаю, зачынілася там а шостай, а зараз ужо амаль сем. Тата, загадай ёй, каб выйшла і пусьціла мяне.

— Не, — рахмана адмовіўся ён.

— Што значыць не? — уразілася Брыджэт.

Што ён звычайна рабіў у такіх выпадках? Якась мякка, імкнучыся захаваць лад, нагадваў ёй, што душ ёсьць у прыбіральні на першым паверсе. Але сёньня ў яго не было моцы улагоджваць іх. Няхай сабе ваююць, ён пальцам не варухне, каб спыніць іх.

— Вы сталыя жанчыны, падзеліце ванную самастойна, — вымавіў ён і сышоў з сваёй кавай у сталоўню, зачыніўшы дзьверы.

Нейкі час ён нерухома сядзеў, гледзячы вакол сябе. Гэты пакой, падавалася, выяўляў усе нягоды іх жыцьця. Тутака, вакол вялікага, маркотнага стала, ня ладзілі шчасьлівых сямейных трапэз. Сябры і сваякі ніколі ня ўсаджваліся на гэтыя цёмныя крэслы для жвавай гаворкі.

Калі Гранія і Брыджэт прыводзілі сяброў дахаты, яны ішлі ў іх спальні альбо хіхікалі з Нэл на кухні. Эйдан заставаўся сядзець у гасьцёўні, адхілена ўзорыўшыся ў тэлевізар, глядзець які ён увогуле не жадаў. Можа, было б лепей, будзь у яго ўласны кут, дзе б ён меў спакой?

У камісійным ён бачыў канторку, што яму спадабалася, адну з тых цудоўных канторак з адкідной дошкай, якую можна апусьціць і сесьці папрацаваць як належыць. І ён бы мог ставіць у сваім пакоі сьвежыя кветкі. Яму падабалася іх далікатнае хараство. Ён бы не забываў зьмяняць ім ваду кожны дзень, у адрозьненьне ад Нэл.

У гэтае акенца цэльны дзень падае цудоўнае сьвятло, мяккае сьвятло, якога яны ніколі ня бачаць. Магчыма, ён купіць кутнюю канапу альбо сафу і паставіць пад вакном, і набудзе даўгія драпіраваныя фіранкі. І зможа сядзець тут і чытаць, запрашаць сяброў. Ну, каго б то ні было. Яго сямейнае жыцьцё скончанае. Трэба ўсьвядоміць гэта і спыніць спадзявацца на зьмены да лепшага.

Ён зойме суцэльную сьценку кнігамі, і можна будзе прыстасаваць тут магнітафон, пакуль ён не набудзе CD-плэер. А можа лепей і не купляць CD-плэер, годзе змагацца з Тоні А’Брайнам. Добра было б павесіць на сьцяну малюнкі, фрэскі з Флярэнцыі, альбо тыя галоўкі, тыя грацыёзныя шыі і галоўкі Леанарда Ды’Вінчы. І ён здолее слухаць арыі і чытаць у часопісах артыкулы аб вялікіх опэрах. Спадар Уолш лічыць, ў яго ёсьць сваё жыцьцё. Надышоў час тым жыцьцём абзавесьціся. Мінулага жыцьця больш няма. З гэтага часу ягоны шлюб з Выгляд-На-Гару скасаваны. Ён сядзеў, грэючы рукі аб кубак з кавай. Пакой трэба лепш цяпліць, але гэтае можна будзе ўладкаваць. І яшчэ не пашкодзіла б дадаць некалькі каганцоў, пры рэзкім верхнім сьвятле няма ценяў, няма таямніцы.

У дзьверы пагрукалі. Увайшла яго сьвятлявая дачка Гранія, апранутая для спатканьня. — Ты ў парадку, тата? — спытала яна. — Брыджэт сказала, ты паводзіў сябе трохі дзіўна, я спалохалася, ці не захварэў ты.