Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 10

Мыйв Бінчы

— Упэўнены, гэта Тоні А’Брайн, — ледзьве вымавіў ён.

— Падаецца, ён той, хто ім патрэбен. Пакуль нічога ня вызначана, да наступнага тыдня, але, здаецца, яны мысьляць у гэтым накірунку.

— Але чаму? — Эйдан адчуў, як галава ідзе колам ад рэўнасьці і зьдзіўленьня.

— Пачым я ведаю, Эйдан. Гэты чалавек нават не Каталік. У яго мараль сакавіцкай коткі. Ён ня любіць школу, не клапаціцца аб ёй, як мы, і ўсё ж яны лічаць яго чалавекам, адпаведным цяперашняму часу. Цяжкія мэтады вырашэньня цяжкіх праблем.

— Напрыклад, зьбіць васямнаццацігадовае хлапчаня амаль да страты прытомнасьці, — скрозь зубы працадзіў Эйдан.

— Ну, яны ўсе лічаць, што хлопчык распаўсюджваў наркотыкі, і больш ён, пэўна, нават блізка да школы не падыдзе.

— Нельга кіраваць школай падобным чынам, — настойваў Эйдан.

— Ты ня здольны на такія ўчынкі, і я ня здольны, але нашы дні абмінулі.

— Выбачайце, спадар Уолш, але вам шэсьцьдзесят пяць, а мне толькі сорак восем, і я не лічу, што мае дні скончаныя.

— Вядома не, Эйдан. Аб тым я і тлумачу. Цябе любяць жонка і дачкі. У цябе жыцьцё па-за гэтымі сьценамі. Клапаціся аб тым. Не дазваляй Выгляд-На-Гару распараджацца табой.

— Вы да мяне вельмі добра ставіцеся. Шаную вашыя словы. Не, ня толькі словы. Я шаную, што вы загадзя папярэдзілі мяне, дазволілі мне выглядаць меней дурное. — І ён пакінуў пакой, трымаючыся занадта прама.

Ён засьпеў Нэл у чорнай сукенцы з жоўтым шалікам, уніформе, што яна апранала толькі на працу, у рэстарацыю.

— Але ж ты не працуеш у панядзелак увечары, — занепакоіўся ён.

— У іх бракуе рук, і мне падалося, чаму бы і не, усё роўна сёньня па тэлевізары нічога цікавага, — адказала жонка. Потым яна, мабыць, убачыла ягоны твар. — У лядоўні цудоўны біфштэкс і трохі суботняй бульбачкі … калі абсмажыць усё з цыбуляй, будзе шыкоўная вячэра. Добра?

— Добра. — Ня будзе ён ёй нічога казаць. Можа гэта і да лепшага, што Нэл сыходзіць. — Дзяўчынкі ў хаце? — спытаў ён.

— Гранія акупавала ванну. Брыджэт кажа, у яе сёньня важнае спатканьне.

— Хтосьці, каго мы ведаем? — Незразумела, хто цягнуў яго за язык. Наперад ясна, яна раззлуе.

— Як гэта можа быць хтосьці, каго мы ведаем?

— Памятаеш, калі яны былі маленькімі, мы ведалі ўсіх іх сяброў? — уздыхнуў Эйдан.

— Ну, ты яшчэ ўзгадай часіну, калі яны перашкаджалі нам спаць ночы суздром сваім кугаканьнем і ровам. Мне час ісьці.

— Добра, беражы сябе, — яго голас прагучаў холадна.

— У цябе ўсё добра, Эйдан?

— Якое мае значэньне, добра ў мяне ўсе, ці не?

— Выдатны адказ. Замала ў мяне шанцаў задаць табе чалавечае пытаньне, калі гэта ўсё, на што я магу разьлічваць.

— Так. І што?

— Нічога, калі ты зьбіраесься шкадаваць сябе да пасіненьня. Мы ўсе стамляемся, Эйдан, жыцьцё цяжкае для ўсіх. Чаму ты лічыш, што толькі ў цябе ёсьць нягоды?

— Ну і якія ж нягоды ў цябе? Ты ніколі ня кажаш мне аб іх.

— Можаш быць цалкам ўпэўнены, я не распачну гаворку за тры хвіліны да аўтобуса.