Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 6

Мыйв Бінчы

Але зноў жа, чаму б і не?

Эйдан Данн быў чалавекам шчырым. Ён згаджаўся, што людзі маюць права выбару ў такіх пытаньнях. Тоні А’Брайн ня цягне тых жанчын да сабе сілай. Няма закону, што б абавязваў яго, па прыкладу Эйдана, ажаніцца і выхаваць двух дачок, якія ўрэшце ад яго аддаляцца. У вядомым сэнсе тое, што ён ня быў крывадушнікам і не спрабаваў хаваць сваю выяву жыцьця, рабіла яму гонар.

Вельмі ўжо ўсё зьмянілася. Хтосьці ссунуў паказальнікі на тое, што годна, а што не, не параіўшыся папярэдне з Эйданам.

А як Тоні правядзе рэшту дня?

Як ведаць, ці ня выправіцца ён пасьля абеду зноў у ложак? А можа, зладзіць шпацыр? Альбо маладзіца сайдзе дахаты, а Тоні стане слухаць музыку — ён часта кажа пра свае кампакт-дыскі. Выйграўшы 350 фунтаў у Лато Чатыры Пары, ён дамовіўся са школьным цесьлярам, тут жа адлічыў грошы і замовіў падстаўку на 500 кружэлак. Усе былі ўзрушаныя. Эйдану стала зайздросна. Дзе, цікава, можна адшукаць грошы на такую плойму дыскаў? Ён ведаў, звычайна Тоні А’Брайн купляе CD тройчы на тыдзень. Калі ён пасьпявае іх слухаць? Ну а потым Тоні прашпацыруе ў бар і сустрэнецца з парачкай сяброў, ці пойдзе на замежны фільм з субтытрамі, альбо ў джаз-клюб.

Можа, менавіта гэтае колавярчэньне робіць яго цікавей за астатніх і дае яму перавагу над калегамі? Ва ўсялякім разе над Эйданам. У нядзелях Эйдана няма нічога, што здолела б кагосьці зацікавіць.

Калі ён а першай вярнуўся ад позьняй Імшы і спытаў, ці не жадае хто яечню з бэконам, адказам быў гідлівы хор дачок: «Божухна, не, тата!» і «Тата, адчапіся калі ласка, і зачыні дзьверы на кухню, калі жадаеш смажыць гэтую брыдоту!» Будзь Нэл дома, яна бы, магчыма, узняла вочы ад чарговага рамана і перапытала: «Што?». Яе тон ніколі не падаваўся варожым, проста зьдзіўленым, быццам яна пачула самую неверагодную прапанову з усіх магчымых. Сам насам Нэл магла б гадзіне а трэцьцяй перахапіць лусьцікамі з салатай. Эйдан журботна ўспамінаў стол сваёй маці, за якім абмяркоўваліся ўсе здарэньні тыдня. Ніхто ня мог грэбаваць нядзельным абедам бяз важкага чыньніку. Вядома, разбурэньне тага звычаю было яго ўласных рук справай. Выхоўваючы дачок у вольным духу, ён разам зь імі ў іх адзіны выходны дасьледаваў уздоўж і папярок графства Дублін і нават суседнія графствы. Як мог ён прадбачыць, што ў выніку гэта прывядзе яго да адзіноты і непрытульнасьці, да блуканьня паміж кухняй, дзе кожны грэе сабе ў мікрахвалёўцы ўласную ежу, гасьцёўняй, дзе па тэлевізары глядзяць перадачу, ад якой яму моташна, і спальняй, дзе яны з жонкай гэтулькі часу не займаліся каханьнем, што зазіраць туды нават нестае моцы, пакуль ня трэба класьціся спаць.

Але заставалася яшчэ сталоўня. Пакой зь цяжкай, цёмнай мэбляй, якім яны практычна не карысталіся з таго моманту, як набылі хату. Нават для прыёму госьцяў яна не падыходзіла, паколькі была занадта маленькай і цеснай. У апошні час Нэл пару разоў прапаноўвала Эйдану перарабіць сталоўню ў кабінэт. Аднак яму тая думка была не да спадобы. Ён адчуваў, што стварыўшы зь яе падабенства свайго школьнага прыстанку, можа канчаткова спыніць адчуваць сябе галавой сям’і, бацюхнам і карміцелем. Мужчынам, які аднойчы даў веры, што гэта і ёсьць галоўнае ў жыцьці.