Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 5

Мыйв Бінчы

Дзяўчынкі да Імшы не хадзілі ніколі. Размаўляць аб тым ня мела ніякага сэнсу. Ён здаўся, калі старэйшай адбылося сямнаццаць. Раней абеду яны не ўставалі, потым рабілі сабе лусьцікі, глядзелі запісанае за тыдзень на відэа, сноўдаліся па хаце ў нэгліжэ, мылі галовы, пралі, балбаталі па тэлефоне з аднымі сяброўкамі, запрашалі на каву іншых.

Гранія і Брыджэт уносілі невялічкую суму за кватэру і ежу, прычым аддавалі гэтыя грошы з такой неахвотай, нібы іх абіралі да ніткі. Колькі ён ведаў, тым іх укладаньне ў сямейны бюджэт і абмяжоўвалася. Ні пачка бісквітаў, ні скрыні марозіва ці пакуначка сурвэтак, набытых у хату з сваёй кішэні. Калі ж гэтых рэчаў не ставала, яны вельмі абураліся.

Эйдан хацеў бы ведаць, як бавіць свае нядзелі Тоні А’Брайн.

Дакладна вядома, да Імшы Тоні ня ходзіць. Ён даў гэта зразумець вучням, калі тыя задалі яму пытаньне: — Сэр, сэр, ці ходзіце вы да Імшы па нядзелях?

— Часам, калі адчуваю запатрабаваньне паразмаўляць з Богам, — адказаў Тоні А’Брайн.

Эйдан быў у курсе. Аб тым з задавальненьнем паведамілі хлапчукі і дзяўчынкі, ваюючы з настаўнікамі, настойваючымі, пад страхам Сьмяротнага Граху, на неабходнасьці наведваньня Імшы па нядзелях.

Тоні вельмі разумны, занадта разумны. Ён не адмаўляе існаваньня Бога, замест таго дае зразумець, што яны з Богам — прыяцелі, і можна пад настрой зайсьці пагутарыць зь ім па-прыяцельскі. Тоні А’Брайн, мусібыць, на бегавой дарожцы, а Эйдан Данн недзе ў старонцы, ня сябра Усявышняга, так, часовая абслуга. Вось самае прыкрае і няшчырае ва ўсім гэтым.

У нядзелю Тоні А’Брайн, пэўна, устае позна … жыве ён у так званай гарадзкой кватэры. Вялікі пакой і кухня ўнізе і вялізная спальня з ваннай наверсе. Уваходныя дзьверы адчыняюцца на вуліцу. Шмат хто бачыў, як па раніцах ён пакідае кватэру ў суправаджэньні той ці іншай маладой жанчыны.

У ранейшыя поры такое магло зруйнаваць кар'еру настаўніка, зьнішчыць ягоны шанец на пасоўваньне — у 60-е выкладчыка папросту звальнялі за пазашлюбную інтрыжку. Не, вядома, усё як мае быць. Насамрэч, у той час яны ўсе актыўна змагаліся супраць такіх лішкаў. І ўсё ж, калі той, хто не зьвязаў свой лёс ні з воднай з ланцугу мінулых праз яго кватэру жанчын, разглядаецца як прэтэндэнт на пасаду Дырэктара школы, як узор перайманьня для навучэнцаў … наўрад ці гэта годна.

Чым займаецца Тоні А’Брайн зараз, а палове на трэцьцю, у дажджлівую нядзелю? Магчыма, зазірнуў на абед да кагосьці з калегаў. Эйдан ня мог запрасіць яго, бо ў іх не хаджала абедаў, і Нэл з поўнай падставай магла пацікавіцца, зь якой нагоды ён навязвае ім чалавека, аб якім не згадаў ні разу за пяць гадоў. А можа ён яшчэ забаўляе ўчорашнюю госьцейку. Тоні А’Брайн неяк абмовіўся, што страшна ўдзячны кітайцам, якія трымаюць выдатную ўстанову ўсяго ў двух кроках ад яго — у іх можна ўзяць на вынас кураня з цытрынай, тост Сэзам і крэвэткі пад соўсам чылі, цудоўныя з бутэлечкай Аўстралійскага Шарданэ і нядзельнымі газэтамі. Уявіце, чалавек ягонага веку, які мог бы ўжо быць дзедам, забаўляе дзеўчынаў і купляе кітайскія стравы па нядзелях.