Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 260

Мыйв Бінчы

— Нора? — шапнуў ён.

— Ня зараз … Давайце паслухаем гаспадара.

Прамова апынулася надзвычай сардэчнай. Нідзе Гаралдзі не сустракалі такой ветласьці, як у Ірляндыі, нідзе ня бачылі такой сумленнасьці, шляхетнасьці ды прыязнасьці. Сёньняшні вечар дадатковы таму прыклад. Людзі прыйшлі ў гэтую хату як незнаёмцы, а пакідаюць яе як сябры. — Amici, — раздаўся хор галасоў у адказ на слова сябры.

— Amici sempre, — падхапіў сыньёр Гаралдзі.

Рука Лапіка ўскінулася ў паветра. Ён заўсёды гатовы прыяжджаць у гэтую хату. Ім зноў будуць радыя ў гатэлі яго пляменьніка.

— Мы зможам зладзіць вечарыну для вас, калі вы наведаецеся ў Дублін, — сказала Коні Кейн і ўсе задаволена заківалі, пацьвярджаючы абяцаньне. Прынесьлі фатаздымкі. Цудоўныя вялізныя фатаздымкі на элегантных прыступках, вядучых да камяніцы. Сярод тысяч кадраў, зробленых у гэтым viaggio, здымкаў людзей, якія жмурыліся пад сонцам, гэтыя зоймуць ганаровае месца ў іх, такіх розных, дублінскіх хатах.

Рушыла ўсьлед мноства ciaos, arrivedercis і grazies, і вечаровы кляс з Выгляд-На-Гару ізноў апынуўся на вуліцах Рыма. Зараз, а дванаццатай гадзіне, разьбіўшыся на кампаніі, усе прыгатаваліся пусьціцца ў маленькія passegiata, вечаровыя шпацыры. Нікому не карцела дахаты; усе занадта пераўзбудзіліся.

— Я зьбіраюся вярнуцца ў гатэль. Захапіць нечыя фатаграфіі? — зьнянацку спытаў Эйдан. Ён чакальна абвёў усіх поглядам.

Сыньёра, памарудзіўшы, дадала. — Я таксама, мы можам падбаць аб вашых здымках, дык калі вы зноў нап’яцеся, вы іх ня страціце.

Усе абмяняліся разумеючымі усьмешкамі. Справа ішла да таго, аб чым яны падазравалі ўвесь мінулы год.

Паволі, узяўшыся за рукі, ішлі яны, пакуль ім не сустрэлася рэстарацыя на вольным паветры з цудоўнымі музыкамі. — Вы перасьцерагалі нас супраць такіх, — сказаў Эйдан.

— Я толькі казала, што там дорага, але не адмаўляла, што там цудоўна, — запярэчыла Нора А’Донах'ю.

Яны селі. Яна распавяла яму аб Марыё і Габрыэле, і аб тым, як доўга і шчасьліва жыла яна ў іх ценю.

Ён распавёў ёй аб Нэл, аб тым, як не зазначыў, калі і чаму іх шлюб згубіў пачуцьці. Але так здарылася. Зараз яны жывуць пад адным дахам нібы незнаёмцы.

Яна распавяла, як спачатку памёр Марыё, пасьля Габрыэла, як іх дзеці папрасілі яе вярнуцца і дапамагчы ім з гасьцініцай. Да болю кранулі яе словы Альфрэда, які сказаў, што заўсёды яны ставіліся да яе, як да маці.

Ён распавёў ёй, што ведае зараз, Нэл яму зьмяняла. Гэта не шакавала і не пакрыўдзіла яго, толькі зьдзівіла. Чыста мужчынская рэакцыя, як яму падаецца. Мужы, у сілу некаторай саманадзейнасьці і поўнай няўважлівасьці, ніколі нічога не прымячаюць.

Яна сказала, што павінна яшчэ раз сустрэцца і паразмаўляць з Альфрэда. Пакуль яна ня ведае, як адмовіць яму.

Ён сказаў ёй, што па вяртаньні дахаты скажа Нэл, што яны прадаюць хату і аддасьць ёй палову грошай. Пакуль ён ня ведае, дзе будзе жыць.

Яны спакваля рушылі зварот, да гатэлю Франкабола. Яны былі занадта старыя для юнацкай праблемы куды-нам-падацца. Адылі перад імі стаяла менавіта тая праблема. Яны ня могуць на ноч выставіць Лапіка зь яго пакоя. Або Канстанцу. Яны паглядзелі адно на аднаго.