Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 258

Мыйв Бінчы

Ён усьміхнуўся. — Я хадзіў у карчму, спрабаваў утапіць свае смуткі.

— Якія такія смуткі, дазвольце пазнаць?

Ён пастараўся адказаць нязмушана. — Ну, галоўны складаўся ў тым, што вас не было на маёй лекцыі.

Яе твар зазьзяў і яна адкрыла сваю вялікую торбу. — Але я была. Паглядзіце, што зрабіла для мяне Канстанца. Я чула абсалютна ўсё. Гэта было цудоўна, Эйдан, і яны так апладзіравалі ў канцы, ім так спадабалася. Усё было так цікава і зразумела, я нават бачыла ўсё быццам увачавідкі. Паміж іншым, калі ў нас будзе трохі вольнага часу, я зьбіраюся пайсьці туды і паставіць сабе касэту. У мяне будзе адмысловая экскурсія для мяне адной.

— Вы ж ведаеце, я паўтару яе для вас. — Яго вочы напоўніліся цеплынёй, ён пацягнуўся да яе рукі, але яна адсунулася.

— Не, Эйдан, не, калі ласка ня трэба, гэта ня шчыра. Даваць мне падставу думаць так, як мне думаць ня варта, накшталт таго, што вы … увогуле, што вас хвалюю я і мая будучыня.

— Адылі, Божухна, Нора, вы ведаеце, гэта так.

— Так, ужо год, як мы неабыякавыя адно да аднаго, але гэта немагчыма. Вы жывяце з вашай жонкай і сям'ёй.

— Гэта ненадоўга, — сказаў ён.

— А, так, Гранія выходзіць замуж, але больш нічога не зьмяняецца.

— Зьмяняецца. Шмат што зьмянілася.

— Я не магу слухаць вас, Эйдан. Мне трэба абдумаць адну важную рэч.

— Яны просяць вас вярнуцца на Сыцылію, бо так? — У яго стала цяжка на сэрцы, твар скамянеў.

— Так, так.

— Я ніколі не пытаў, чаму вы зьехалі.

— Не.

— І чаму вы так доўга заставаліся там.

— Я вас таксама не пытала. Я не задавала пытаньняў, на якія мне карцела ведаць адказы.

— Я адкажу на іх, абяцаю, і я нічога не ўтаю.

— Лепей пачакаем. У Рыме занадта цяплічныя ўмовы, каб задаваць адно аднаму пытаньні і адказваць на іх.

— Але калі мы тага ня зробім, вы можаце зьехаць жыць на Сыцылію, і тады…

— І што тады? — У яе голасе гучала пяшчота.

— І тады маё жыцьцё страціць сэнс. — Яго вочы напоўніліся сьлязамі.

У чацьвер, а пятай гадзіне, у рэзыдэнцыю Гаралдзі прыбыла сарок два госьця. Яны апранулі свае лепшыя шаты і прыхапілі фотаапараты. Прасякла чутка, што ім маецца наведаць хату накшталт тых, што можна ўбачыць у часопісе Хэллоў!. Яны прагнулі гэта ўвасобіць.

— Як вы думаеце, Лярэнца, мы здолеем зрабіць некалькі фатаграфій? — спытала Кэці Кларк.

Лапік зьяўляўся галоўным аўтарытэтам па ўсіх аспэктах візыту. Ён задумаўся. — Там напэўна будзе афіцыйны групавы фатаздымак, каб засьведчыць падзею, і гэтулькі здымкаў знадворку, колькі нам заманецца. Але ў мяне такое пачуцьцё, што іх валоданьня нам фатаграфаваць ня варта, раптам некалі потым здымкі убачаць і выкрадуць.

Іх упэўнілі яго аргумэнты. Лапік усе добра растлумачыў. Калі яны ўбачылі будынак, яны спыніліся, зьдзіўленыя. Нават Коні Кейн, якая звыкнулася наведваць заможныя хаты, была ашаломленая.

— Нас сюды ня ўпусьцяць, — шапнуў Лу Сьюзі, саслабляючы гальштук, што пачаў душыць яго.

— Заткніся, Лу, — сыкнула на яго Сьюзі. — Як мы здолеем прабіцца ў гэтым сьвеце, калі трошкі грошай і стылю зрыньваюць цябе ў паніку?