Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 261

Мыйв Бінчы

— Buona Sera, Signor Buona Sera, — пачала Нора А’Донах'ю. — C’e un piccolo problema …

Праблема апынулася не праблемай. Сыньёр Буона Сера быў чалавекам дасьведчаным, бязь лішніх пытаньняў і правалок ён знайшоў ім пакой.

Дні ў Рыме мінулі неўзаметку. Заставаўся толькі кароткі шлях да Тэрміні, на цягнік да Флярэнцыі.

— Firenze, — хорам выгукнулі яны, пабачыўшы на вакзальным табло назоў канчатковай станцыі. Іх не засмучаў ад'езд, бо яны ведалі, яны вернуцца зварот. Дарма яны, ці што, пакінулі манэты ў фантане Трэві? Да таго ж гэтулькі яшчэ маецца убачыць.

Яны асталяваліся ў цягніку, распакавалі харчы. Буона Сера забясьпечылі іх на дарогу ладнай колькасьцю правіянту. Гэтая група не даставіла аніякага фатыгу. І ўявіце, нечаканы раман паміж кіраўнікамі! Застарыя яны для тага, вядома. І шляхі іх, натуральна, разыдуцца па вяртаньні да шлюбнікаў. Гэта ўсё ўтрапёнасьць адпачынкаў.

У viaggio наступнага года яны рушаць не да поўначы, а да поўдня ад Рыма. Сыньёра сказала, яны павінны ўбачыць Нэапаль, а пасьля выправіцца на Сыцылію, у гасьцініцу, вядомую ёй з таго часу, як яна жыла там. Яна і Эйдан Данн абяцалі Альфрэда. Яшчэ яны дамовіліся зь ім, што дачка Эйдана, Брыджэт, альбо хтосьці зь яе калегаў прыедуць высьветліць, ці могуць яны накіроўваць турыстаў у гэтую гасьцініцу.

Па патрабаваньні Сыньёры Эйдан патэлефанаваў дахаты. Гутарка з Нэл апынулася значна лягчэй і карацей, як ён мог ўявіць.

— Ты павінен быў некалі пазнаць, — адрывіста кінула Нэл.

— Калі я вярнуся, выставім хату на продаж, грошы за яе падзелім.

— Добра.

— Табе абыякава, Нэл? Усе гэтыя гады для цябе нічога ня значаць?

— Яны прайшлі, хіба не аб тым ты сказаў?

— Я сказаў, нам трэба абмеркаваць той факт, што яны скончацца.

— Што тут абмяркоўваць, Эйдан?

— Проста мне не жадалася, каб ты рыхтавалася да майго прыезду, нешта рабіла … а тут такое, як гром сярод яснага неба. — Ён усьведамляў, ён заўжды быў залішне ветлівы і, магчыма, залішне эгацэнтрычны.

— Не жадаю засмучаць цябе, але, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, калі ты вяртаесься.

У цягніку яны селі асобна ад астатніх, Эйдан Данн і Сыньёра, пагружаныя ва ўласны сьвет плянаў на будучыню.

— У нас будзе не зашмат грошай, — папярэдзіў ён.

— У мяне наогул ніколі не было грошай, аб якіх варта было б згадваць, мяне гэта мала хвалюе. — Сыньёра казала ад чыстага сэрца.

— Рэчы з італьянскага пакою я забяру з сабою. Пісьмовы стол, кнігі, фіранкі, сафу.

— Так, для продажу лепей вярнуць туды абедзенны стол, можна нават на час запазычыць у кагосьці, — выявіла практычнасьць Сыньёра.

— Упэўнены, мы, як толькі вернемся, адразу здолеем знайсьці маленькую кватэрку. — Яму карцела паказаць, што ёй ня прыйдзецца шкадаваць аб адмове вярнуцца на Сыцылію, у яе адзіны сапраўдны дом.

— Нас задаволіць пакой.

— Не-не, мы павінны абзавесьціся больш, як пакоем, — запярэчыў ён.

— Я цябе кахаю, Эйдан, — прашаптала Сыньёра.

Па нейкім чыньніку ўсе астатнія заціхлі, і цягнік не выдаваў свайго звычайнага грукату, таму ўсе пачулі яе словы. Імгненьне яны абменьваліся поглядамі. Але рашэньне было прынятае. Да кадука разважлівасьць і прыстойнасьці. Павіншаваць важней. Іншым пасажырам цягніка ніколі не пазнаць, чаму сорак чалавек з цэтлікамі Vista del Monte радаваліся, весяліліся і сьпявалі розныя ангельскія сьпевы, уключаючы “Гэтае дзень нашага каханьня” а ў выніку скончылі не занадта мілагучнай вэрсіяй “Arrivederci Roma”.