Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 26

Мыйв Бінчы

— На яе не было аніякай управы, — напэўна сьцьвярджае маці.

— Дзяўчынка адмовілася ад дапамогі, не пажадала раскаяцца, — так, хутчэй за ўсё, разважае бацька. Ён вельмі рэлігійны чалавек і ў ягоных вачах грэх пазашлюбнай сувязі з Марыё значна пагоршаў пасьля яе ад'езду за ім у далёкую вёсачку Аннунцыяту. Толькі ўявіце, паехаць з чалавекам, які адмовіўся пабрацца зь ёй шлюбам!

Каб ведаць, што яны парвуць усе адносіны, можа, яна і зрабіла бы выгляд, быццам яны з Марыё жанатыя. Прынамсі яе стары бацька спакайней спачываў бы ў сваім ложку і не палохаўся так думкі аб спатканьні з Творцам і тлумачэньні зь ім наконт Сьмяротнага Граху сваёй дачкі.

Адылі, зь іншага боку, яна ўсё роўна ня мела такой магчымасьці, бо Марыё патрабаваў нічога не хаваць ад бацькоў.

— Я вельмі жадаў бы ажаніцца на вашай дачцэ, — сказаў ён, пераводзячы свае вялізныя цёмныя вочы зь яе бацькі на яе маці, туды — зварот. — Але, як ні шкада, гэтае немагчыма. Мая сям'я намагае, каб я ажаніўся на Габрыэлі і яе сям'я таксама марыць аб нашым шлюбе. Мы сыцылійцы, мы ня здольны занядбаць воляю нашых сем'яў. Упэўнены, у Ірляндыі да гэтага ставяцца таксама. — Ён умольваў аб разуменьні, памяркоўнасьці.

Два гады пражыў ён зь іх дачкой у Лёндане. Яны прыехалі, каб сустрэцца зь ім твар да твару. Ён лічыў сябе надзвычай шчырым і шляхетным. Чаго болей маглі яны жадаць ад яго?

Бацькі жадалі толькі аднаго, каб ён зьнік зь яе жыцьця.

Бацькі жадалі, каб Нора вярнулася ў Ірляндыю, спадзяваліся і маліліся, што ні адна жывая душа ніколі не пазнае аб тым прыкрым уцінку яе жыцьця, інакш шанец на замужжа, і так ужо сумнеўны, зусім растане.

Яна імкнулася зразумець іх. Ішоў 1969 год, але яны жылі ў глухім мястэчку; нават думка аб паездцы ў Дублін была для іх цяжкім выпрабаваньнем. Чаго каштавала ім адправіцца ў Лёндан, каб убачыць сваю дачку, якая жыве ў граху, ды яшчэ даведацца, што яна рушыць усьлед за тым чалавекам на Сыцылію.

Усё гэта давяло іх да стану поўнага шоку. Яны ня сталі адказваць на яе лісты.

Яна магла дараваць ім. Так, яна сапраўды амаль даравала ім, але ёй ніколі ня здолець дараваць сваім абедзьвюм сёстрам і дзьвюм братам. Яны былі маладыя, яны мусілі зразумець каханьне, хаця ... адзіны погляд на іх нарачоных вымушаў усумніцца ў гэтым. Але ж яны вырасьлі разам, разам дужаліся з тужлівай адзінотай маленькага мястэчка, у якім жылі. Падзялялі непакой за сваю гістэрычную маці ды за бацьку, чыё здароўе падарвала падзеньне падчас галалёду. Яны заўсёды раіліся паміж сабой наконт будучыні, наконт таго, што мае быць, калі хтось з бацькоў застанецца адзін. Нічога ня зробіш. Усе згаджаліся, што іх маленькую фэрму тады прыйдзецца прадаць, а на атрыманыя грошы набыць кватэрку ў Дубліне непадалёк ад іх усіх.