Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 27

Мыйв Бінчы

Вядома, яе ўцёк на Сыцылію ніякім чынам ня ўпісваўся ў тыя доўгатэрміновыя пляны. Гэта скарачала сілы, на якія яны маглі разьлічваць, на дваццаць адсоткаў. А паколькі Нора была ня замужам, астатнія маглі спадзявацца ўсьперці на яе плечы ўвесь клопат. Атрымліваецца, яна паменшыла гэтыя сілы на ўсе сто адсоткаў. Бадай, менавіта таму ад іх не было ніякіх вестак. Але, пэўна, яны паведамяць ёй, калі маці альбо тата цяжка захварэюць, ці нават памруць.

Адылі, часам яе пакідала нават такая надзея. Падавалася, яна такая далёкая ад іх, нібы сама ўжо памерла. Таму заставалася спадзявацца на сяброўку, яе старую добрую сяброўку па імі Брэнда, зь якой яны разам працавалі ў Лёндане. Калі-нікалі Брэнда напрошвалася ў госьці да А’Донах'ю. Ёй ня цяжка было разам зь імі бедаваць аб дурасьці іх дачкі Норы. Шмат дзён і начэй страціла Брэнда, каб ўпэўніць, умаліць, перасьцерагчы і прыстрашыць Нору ў яе неразважным імкненьні рушыць усьлед за Марыё ў яго вёсачку Аннунцыяту, дзе на яе абрынецца гнеў абедзьвюх сем'яў.

Брэнда магла прыходзіць у гэтую хату, бо ніхто паняцьця ня меў аб адносінах, што яна падтрымлівала з уцякачкай, і паведамляць той аб усіх навінах. Ад Брэнды Нора даведалася аб новых пляменьніках і пляменьніцах, аб рамонце старой хаты, аб продажы трох акраў пашы і аб куплі маленькага прычэпа да іх сямейнай машыны. Брэнда пісала, як шмат часу бавяць яны ля тэлевізара. Пісала, што на Каляды дзеці падаравалі ім мікрахвалёўку. Тыя дзеці, якіх яны працягвалі лічыць сваімі дзецьмі.

Брэнда спрабавала пераканаць іх напісаць хоць адзіны ліст. Яна нагадвала аб тым, як прыемна было б Норы атрымаць вестачку ад іх, які сум павінна тая адчуваць. Але яны са сьмехам адказвалі: “Не, ня мае быць і прамовы аб адзіноце Пані Норы, якая цудоўна бавіць час у Аннунцыяце, даючы ўсёй вёсцы магчымасьць пляткарыць аб ёй і губляючы ў вачах гэтых людзей рэпутацыю ірляндзкіх жанчын”.

Брэнда выйшла замуж за чалавека, над якім абедзьве яны калісьці сьмяяліся. Чалавека, якому далі мянушку Навалачка, але зараз, шчыра кажучы, ўжо ня памяталі, завошта. У іх не было дзяцей, і сёньня абодва працавалі ў рэстарацыі. Патрык, як яна цяперака звала Навалачку, стаў шэф-кухарам, а сама Брэнда мэнэджэрам. Уладальнік пераважна жыў замежжам і ва ўсім спадзяваўся на іх. Яна пісала, што ўсё цудоўна, установа быццам іх ўласная, але ніякіх турбот аб фінансах. Сяброўка падавалася задаволенай, але магчыма, штосьці і замоўчвала.

Бо Нора сапраўды ніколі не распавядала Брэндзе аб усіх акалічнасьцях свайго жыцьця, даўгіх гадах жыцьця ў мястэчку, яшчэ меншым за вёску ў Ірляндыі, зь якой яна паходзіла, і каханьня да чалавека, які жыў праз маленькую piazza ад яе, чалавека, які меў магчымасьць прыйсьці да яе ў госьці толькі зь вялізнымі засьцярогамі, і зь цягам часу рабіў усё менш і менш спроб такую магчымасьць адшукаць.