Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 28

Мыйв Бінчы

Нора пісала аб харастве вёсачкі Аннунцыяты, аб яе белых хацінках з маленькімі, чорнымі, мэталічнымі гаўбецамі, на якіх месьцяцца гарнушкі з гераньню і бягоніяй, але ня проста адзін-два гаршчку, як у іх хатах, а суцэльная безьліч вазонаў. І аб браме за вёскай, ад якой адкрываецца поўны асалоды краявід. І аб царкве з цудоўнай керамікай, паглядзець на якую наяжджае ўсё больш народу.

Марыё і Габрыэла валодалі мясцовай гасьцініцай, і зараз нават кухарылі абеды дзеля здарожаных вандроўнікаў. Гэта было вельмі зручна і задавальняла ўсіх ў Аннунцыяце, бо азначала, што іншыя людзі таксама атрымаюць трохі грошаў, напрыклад, цудоўная сыньёра Лявона — за паштоўкі і невялічкія акварэлькі з царквой, і Норыны лепшыя сяброўкі Паола і Джаана — за дробныя керамічныя талеркі і гарлачыкі з надпісам Аннунцыята. І тыя, хто прадае кошыкі з памяранцамі і кветкі. І нават яна, Нора, мела карысьць з наплыву турыстаў, паколькі рабіла на продаж карункавыя хустачкі ды сурвэткі і ладзіла кароценькія экскурсіі для англамоўных наведвальнікаў. Яна праходзіла зь імі вакол цэрквы і распавядала аб яе гісторыі, потым паказвала ў даліне месцы бітваў, магчымых рымскіх селішчаў і несумнеўных грандыёзных падзей.

Яна ніколі не лічыла патрэбным пісаць Брэндзе аб дзецях Марыё і Габрыелі. Усяго іх было пяцёра. Іх вялізныя цёмныя вочы цішком джгалі яе праз piazza падазронымі злоснымі поглядамі. Занадта юныя, каб дапяць, хто яна і чаму яе ненавідзяць і баяцца, завельмі дасьведчаныя, каб успрымаць яе як адну з суседак і сябровак.

Брэнда і Навалачка ня мелі ўласных дзяцей, таму іх не маглі цікавіць тыя прыгожыя, няўсьмешлівыя сыцылійскія дзеці, якія вывучалі з прыступак гасьцініцы сваіх бацькоў маленечкі пакойчык, дзе Сыньёра, седзячы за гафтам, спакваля назірала за навакольлем.

Так яны клікалі яе ў Аннунцыяце, проста Сыньёра. Прыехаўшы сюды, яна назвалася ўдавой. Гэта так нагадвала яе ўласнае імя Нора, што ёй падавалася, быццам менавіта так яе заўсёды і клікалі.

Нават маючы справы зь людзьмі, якія шчыра любілі яе і клапаціліся аб ёй, цяжка было растлумачыць, што ўяўляла сабою яе жыцьцё ў гэтай вёсачцы. У месцы, якім у сваёй роднай Ірляндыі яна бы пагарджала. Ні кіно, ні танцпляцоўкі, ні супэрмаркета. Мясцовы аўтобус, і той заглядаў да іх без усялякага раскладу ў сваім сапраўды бясконцым падарожжы.

Але яна любіла тут кожны камень, бо менавіта тут Марыё жыў, і працаваў, і сьпяваў песьні ў сваёй гасьцініцы, і гадаваў сваіх сыноў і дачок, і ўсьміхаўся ёй, тым часам як яна гафтавала ў сваім акенцы. А яна ласкава ківала яму ў адказ, не прымячаючы, як мінаюць гады. На дні запалу ў Лёндане, што скончыліся ў 1969, даўно забыліся ўсе, апрача Марыё і Сыньёры.

Вядома, Марыё павінен быў успамінаць іх з замілаваньнем, смуткам і шкадаваньнем, як успамінала іх яна, інакш чаму ж ён часам употай прабіраўся па начах у яе ложак? На тую карысьць яна зрабіла для яго ключ. Калі жонка засынала, ён крадком рушыў праз цёмны пляц. Яна ніколі не чакала яго ў поўню. Зашмат староньніх вачэй маглі зазначыць на piazza постаць, і пазнаць у ёй Марыё, які цягнецца ад жонкі да іншаземкі, дзіўнай іншаземкі зь вялізнымі апантанымі вачыма і доўгім рудым валосьсем.