Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 25

Мыйв Бінчы

— Якім чынам?

— Ён ня ведаў, што ты пераспаў зь яго дачкой, пазнаў аб яго надзеях, скарыстаўся гэтым і адабраў у яго працу. Вось якім.

— І ты распавяла аб усім, каб даставіць яму задавальненьне.

— Ты ведаеш, што я гэтага не зрабіла. А пераспаць зь яго дачкой — так, дробязь. Лёгкая прыгода, каб дадаць карціне заключнаю рысачку.

— Спадзяюся, ты зьменіш сваю думку, Гранія. Я вельмі, вельмі кахаю цябе, я не магу безь цябе.

— Як жа.

— Не, ня “як жа”. Гэта сапраўды так. Мяне прыцягваюць ня твой век і твая зьнешнасьць, як ты магла б падумаць. У мяне было шмат маладзенькіх міленькіх дзяўчат, і калі мне спатрэбіцца кампанія, я знайду яшчэ не адну. Але ты не такая, як усе. Калі ты сыдзеш ад мяне, я страчу нешта вельмі істотнае. Ты можаш верыць, альбо не, але гэта тое, што я сапраўды адчуваю.

Гранія маўчала. Яны паглядзелі адно на аднаго. Потым ён загаварыў. — Твой бацька запрасіў мяне ў госьці, пазнаёміцца зь сям'ёй, але я прапанаваў пачакаць да верасьня. Маўляў, верасень яшчэ ня хутка, і хто ведае, што можа адбыцца за той час. — Яна сьцепанула плячыма. — Я думаў не аб сабе, а аб табе. Калі ты ўсё яшчэ будзеш пагарджаць мною, злавацца на мяне, ты зможаш кудысь сысьці, калі мяне запросяць. Але магчыма, мы будзем кахаць адно аднаго глыбока і шчыра і разумець, што ўсё, што здарылася сёньня, было прыкрым непаразуменьнем.

Яна нічога не адказала.

— Тады да верасьня, — сумна мовіў ён.

— Добра, — яна зьвярнулася, каб сысьці.

— Я буду чакаць цябе, Гранія. Я буду тут, я ўсім сэрцам спадзяюся зноў пабачыць цябе. Мы ня будзем палюбоўнікамі, калі ты не захочаш тага. Будзь гэта лёгкай прыгодай, я быў бы шчасьлівы пазбавіцца ад цябе. Будзь мае пачуцьці іншымі, я бы лічыў, што, магчыма, усё занадта складана, і лепш пакончыць з тым зараз. Але я буду тут, у надзеі, што ты вернесься.

Яе твар заставаўся няшчасным і змучаным. — Патэлефанаваўшы спачатку, зразумела, каб упэўніцца, што ў цябе няма, як ты кажаш, кампаніі,— зьедліва ўсьміхнулася яна.

— У мяне ня будзе кампаніі, пакуль ты ня вернесься.

— Думаю, я ніколі не вярнуся. — Яна працягнула руку да дзьвярэй.

— Давай умовімся ніколі не казаць ніколі. — Яго твар поўніўся пяшчотай. Стоячы ў дзьвярах ён сачыў, як яна ідзе ўздоўж вуліцы, рукі ў кішэнях жакета, галава ўнурыла. Такая самотная і страчаная. Больш за ўсё яму карцела кінуцца ўсьлед за ёй, вярнуць яе, але было занадта рана.

Адылі ж ён зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. Іх будучыня ня мела ніякіх шанцаў, дзейнічай ён у Эйдана за сьпіной і скажы яго дачцэ тое, аб чым яе бацька яшчэ ня ведаў. Цікава, колькі б паставілі аматары рабіць заклад на яе вяртаньне да яго? Ён вырашыў, што пяцьдзесят на пяцьдзесят.

Прынамсі, значна больш за тое, што хтосьці бы вырашыўся паставіць на посьпех вечаровых клясаў. На такі заклад ня пойдзе ні адзін нармалёвы чалавек. Яны асуджаныя, яшчэ не пачаўшыся.

СЫНЬЁРА

За гады, так, гады, што Нора А’Донах'ю пражыла ў Сыцыліі, яна не атрымала аніводнага ліста з хаты.

Штораз, выходзячы на маленькую вулачку пад гарачым блакітным небам, яна з надзеяй заглядала il postino. Але там ні разу не апынулася ліста ад родных, хоць яна нязьменна пісала ім ў першы дзень кожнага месяца. Яна купляла капірку; цяжка было зь яе валоданьнем італьянскага растлумачыць, што ёй патрэбна, у крамачцы, дзе гандлявалі пісчай паперай, алоўкамі, канвэртамі. Але Нора павінна была ведаць, аб чым ўжо пісала, каб не супярэчыць самой сабе. Жыцьцё, што яна апісвала ў сваіх лістах, было выдуманае ад пачатку да канца. А калі ўжо хлусіць, дык хлусіць пасьлядоўна. Яны ніколі не адказвалі, але ж чытаць яе лісты павінны былі. Можа, яны нават перадавалі іх адно аднаму, цяжка ўздыхаючы, ўздымаючы бровы і гаротна круцячы галовамі: упартая недарэка Нора не разумее, што за дурасьць робіць, калі зацінаецца ў сваёй згубнай памылцы ды адмаўляецца вярнуцца дахаты.