Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 24

Мыйв Бінчы

— А, чалавек па імі Тоні А’Брайн, настаўнік геаграфіі, выдатны хлопец. Выгляд-На-Гару будзе ў надзейных руках.

— Вядома, яны не прызначылі жанчыну, — чмыхнула Нэл.

— Колькі я ведаю, яны разглядалі дзьве жаночыя кандыдатуры, але зрабілі добры выбар, — адказаў Эйдан. Ён наліў усім яшчэ па келіху віна з пляшкі, што адмыслова набыў, каб адзначыць свае добрыя навіны. Хутка ён пойдзе ў свой пакой; сёньня трэба зьняць меркі для паліц. Адзін з настаўнікаў у школе сталярнічае ў вольны час, ён абяцаў зрабіць кніжныя паліцы і невялічкія падстаўкі пад італьянскія талеркі.

Яны не зазначылі, як Гранія паціху паднялася і выйшла з кухні.

Ён сядзеў у гасьцёўні і чакаў. Яна абавязкова прыйдзе, хаця б дзеля таго, каб выказаць яму сваю нянавісьць. Калі ўжо ні для чаго іншага. Бразнуў дзьвярны званок, і вось яна тут, вочы чырвоныя ад сьлёз.

— Я набыў кававую машыну і трошкі выдатнай молатай калюмбійскай кавы. Здатна?

Яна ўвайшла ў пакой. Юная, але не даверлівая, ужо не. — Ты вылюдак, проста жудасны, хлусьлівы вылюдак.

— Не. — Яго голас гучаў вельмі спакойна. — Я сумленны чалавек. Ты павінна давяраць мне.

— Як я магу давяраць табе? Ты кпіў нада мной увесь гэты час, кпіў над маім бацькам, нават калі казаў аб кававарцы. Добра, сьмейся, колькі твая душа жадае. Я прыйшла сказаць табе, што ты найбольш мізэрнае зь нікчэмнасьцяў. Спадзяюся, горш за цябе я ўжо нікога ня стрэну. Спадзяюся, у мяне наперадзе доўгае жыцьцё і на маім шляху сустрэнуцца сотні і сотні людзей, але гэта будзе самым дрэнным з усяго, што яшчэ здарыцца са мной: паверыць таму, хто паняцьця ня мае аб чалавечых пачуцьцях. Калі ёсьць Бог на сьвеце, прашу, прашу цябе, Божа, зрабі так, каб гэты чалавек быў самым мізэрным з усіх, каго я калісь пабачу. — Яе боль быў такі вялізны, што ён нават не адважыўся дакрануцца да яе.

— Яшчэ раніцай я ня ведаў, што ты — дачка Эйдана Данна. Яшчэ раніцай я паняцьця ня меў, што Эйдан разьлічвае стаць Дырэктарам, — пачаў ён.

— Ты павінен быў мне сказаць, ты павінен быў мне сказаць. — Яна заплакала.

Нечакана ён адчуў, што вельмі стаміўся. Гэта быў доўгі дзень. Ён ціха загаварыў: — Не, я ня мог табе сказаць. Я ня мог заявіць: «Твой бацька памыляецца, насамрэч гэтую працу атрымае твой пакорлівы слуга». Гэта было бы здрадай да яго, я абавязаны быў зрабіць так, каб ён не выглядаў дурнем ва ўласных вачах, не адчуваў расчараваньня, і атрымаў тое, што яму сапраўды патрэбна — новае становішча, што надасьць яму сілы і аўтарытэт.

— Як жа, вядома, — вымавіла яна пагардліва. — Кінуць яму падачку, вечаровыя клясы.

Голас Тоні А’Брайна зьледзянеў. — Ну што ж, калі ён глядзіць на гэта такім чынам, бессэнсоўна спрабаваць зьмяніць тваё меркаваньне. Калі ты не жадаеш убачыць усё, як яно ёсьць насамрэч, як прарыў, выклік, магчымасьць распачаць нешта, што зьменіць жыцьцё людзей, у першую чаргу жыцьцё твайго бацькі, дык я шкадую. Шкадую і зьдзіўляюся. Я чакаў ад цябе большага разуменьня.

— Я ня ваша вучаніца, спадар А’Брайн, сэр. І не куплюся на ваша неўхваляльнае круценьне галавой. Ты выставіў дурнямі майго бацьку і мяне.