Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 257

Мыйв Бінчы

— Але вы так па-сяброўскі сустрэліся, — засмуцілася Фіёна.

— Ведаю.

— Скажы шчыра, гэта ня мог быць іншы бар?

— Паняцьця ня маю. — Ён змрочна ўтаропіўся ў падлогу.

— Можа яны былі ў Рыме, ды забылі?

— Такое нялёгка забыць, табе не падаецца?

— Але яны ўспомнілі цябе.

— І мне падавалася, я іх успомніў.

— Добра, пойдзем спаць. Трэба выспацца перад сустрэчай з Папам.

— А Госпаду, Папа, — уздыхнуў Бары.

У нумары Коні нарэшце ўручыла Сыньёры сваю неспадзеўку. Поўны магнітафонны запіс прамовы Эйдана. Яна набыла дыктафон і запісала кожнае слова.

Сыньёра расчулілася да сьлёз. — Я буду слухаць пад коўдрай, каб не замінаць вам, — сказала яна, пасьля таго як яны паспрабавалі ўставіць касэту.

— Ні ў якім разе, я з задавальненьнем паслухаю яшчэ раз.

Сыньёра ўважліва паглядзела на Коні. Гэтую любасную жанчыну відавочна перапаўнялі эмоцыі, вочы бліскацелі. — Усё добра, Канстанца?

— Што? Вох, так, Сыньёра, цалкам.

Яны сядзелі ў сваім пакоі пасьля вечара, што мог суздром зьмяніць жыцьцё кожнай зь іх. Ці пагражала Коні Кейн рэальная небясьпека ад згубіўшай глузд Сабіны? Ці вернецца Сыньёра ў маленькае сыцылійскае мястэчка, што дваццаць тры года складала сэнс яе жыцьця? Хоць яны трохі і даверыліся адна адной, занадта моцная была ў абедзьвюх звычка трымаць пры сабе свае складанасьці. Коні цікавіла, што прымусіла Сыньёру сысьці зь лекцыі Эйдана і так позна вярнуцца ў гатэль. Сыньёры так і карцела спытаць Канстанцу, ці не даваў болей ведаць аб сабе чалавек, які напісаў той прыкры ліст.

Ужо ў ложках яны абмеркавалі, на якую гадзіну ставіць будзільнік.

— Заўтра аўдыенцыя Папы, — нечакана ўзгадала Сыньёра.

— Божачка, я і забыла, — вохнула Коні.

— Я таксама, сорам які, — разрагаталася Сыньёра.

Яны з задавальненьнем паглядзелі на Папу. Той падаваўся трохі кволым, але бадзёрым. Усім падалося, ён глядзеў непасрэдна на іх. Сотні людзей схлупіліся на пляцы сьвятога Пятра, але ж уражаньне засталося вельмі асабістае.

— Аўдыенцыя сам-насам была бы горш, — заявіў Лапік, як аб чымсьці цалкам магчымым. — Такая вялікая неяк больш прыемная. Адразу відаць, рэлігія не памерла. І думаць, што яму сказаць, ня трэба.

Лу і Біл Бурк прыхапілі з сабою тры зімніх піва і Бары неадкладна далучыўся да іх. Сьюзі і Лізі здужалі па два захалодных марозіва. Усе зрабілі фатаздымкі. Надышоў час сьнедаць, але запасьліся ежай далёка ня ўсе. Захапіць з раніцы канапкі перашкодзілі каму засмучаныя пачуцьці, каму пахмельле.

— Спадзяюся, да заўтрашняй вечарыны ў сыньёра Гаралдзі яны ўсе будуць у лепшым стане, — неўхваляльна прабурчэў Лапік, зьвяртаючыся да Кэці і Фрэн.

Ягоныя словы не засталіся незаўважанымі. — Гасподзь усемагутны, вечарына, — схапіўся за галаву Лу.

— Сыньёра? — зьвярнуўся да яе Эйдан пасьля абеду.

— Чаму так афіцыйна, Эйдан? Звычайна вы клічаце мяне Норай.

— Добра.

— Што добра?

— Як ваша ўчорашнее спатканьне, Нора?

Яна трохі памарудзіла. — Было цікава, і не пазіраючы на факт яго адбыцьця ў рэстарацыі, я прымудрылася застацца цьвярозай, у адрозьненьне ад большасьці нашай групы. Дзіўна, як гэта пары алкаголю ад нашай хеўры не прымусілі Сьвятога Айца прыскокнуць з фатэля.